Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пачалася глабальная малітоўная падтрымка перад выбарам Папы

Перад канклавам, які пачнецца 7 мая 2025 года, тысячы католікаў з усяго свету далучыліся да малітоўнай ініцыятывы, каб падтрымаць кожнага з кардыналаў-выбаршчыкаў у выбары Пантыфіка.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

З 30 красавіка 2025 года ў Каталіцкім Касцёле ўсё больш гучыць заклік да малітоўнай падтрымкі перад выбарам новага Папы. Ініцыятыва "Малітоўная падтрымка кардыналаў", якая адначасова стартуе ў розных краінах, згуртавала ўжо больш за 200 000 вернікаў, сведчыць рэсурс praycardinal.com.

Духоўная сувязь ахоплівае кантыненты і культуры

Гэтую асаблівую місію арганізатары бачаць як магчымасць асабіста стаць малітоўным апекуном аднаго з 133 кардыналаў-выбаршчыкаў. Для гэтага на сайце кожны можа атрымаць імя аднаго з іерархаў, за якога будзе маліцца штодня – так фарміруецца “нябачны малітоўны мост”. Асаблівую актыўнасць праяўляюць вернікі ў іспанамоўных краінах, дзе пражывае амаль палова ўсіх католікаў свету. Там з’явілася платформа, што прапануе выпадкова прызначанага кардынала для духоўнай падтрымкі ў залежнасці ад даты нараджэння ўдзельніка.

“Галоўнае – ці молішся ты за іх, ці не”

Такая думка стала дэвізам кампаніі ў Лацінскай Амерыцы. Тут падкрэсліваюць, што ўсе заклікі накіраваны да Хрыста праз асабістую малітву з просьбай да Духа Святога натхніць і ачысціць сэрцы кардыналаў перад адказным выбарам. На працягу акцыі ўдзельнікі ў сваіх малітвах таксама ўдзячна згадваюць Папу Францішка і просяць, каб наступны Біскуп Рыма быў чалавекам веры і адвагі, з адкрытасцю да патрэб сучаснага свету.

З малітоўнымі заклікамі выступаюць і самі кардыналы. Арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Райнэр Марыя Вёлькі ў сваім звароце адзначыў: "Выбар кіраўніка Касцёла – гэта ў першую чаргу спроба распазнаць волю Бога і знайсці таго, каго Ён паклікаў". Амерыканскі кардынал Райманд Леа Бёрк заклікаў чытаць навэнну да Маці Божай Гвадэлупскай, каб "у гэты пераломны момант для Касцёла кардыналы выбралі найбольш дастойнага Наступніка Пятра ў пакоры і духоўным распазнанні".

Канклаў – гэта найперш духоўная падзея

Так адзначаюць у шматлікіх еўрапейскіх дыяцэзіях, дзе арганізуюцца супольныя малітвы, спецыяльныя набажэнствы, а таксама анлайн-ініцыятывы. У Венскай архідыяцэзіі выдалі брашуру з малітвамі, урыўкамі з Бібліі, тэкстамі апошняга Сінода і Сабора, якая дапамагае вернікам асобна і разам аб'яднацца ў просьбе да Духа Святога.

Малітоўны рух перамясціўся і ў сацыяльныя сеткі: толькі ў нямецкамоўнай whatsapp-групе "Навэнна за канклаў" ужо больш за 11 000 удзельнікаў, якія атрымліваюць ранішнія натхняльныя тэксты і штодзённы заклік далучыцца да супольнай малітвы за кардыналаў.

"Выбар Папы – гэта задача, што перавышае чалавечыя сілы. Таму нам патрэбна ваша малітва", - падкрэсліў кардынал Жан-Клод Олерыш з Люксембурга.
 

30 красавіка 2025, 10:13