Чэргі да магілы Францішка: тысячы пілігрымаў на працягу дня
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На працягу ўсяго дня да магілы Пантыфіка цягнуліся даўжэзныя чэргі. Каб некалькі секунд спыніцца каля месца пахавання, вернікам даводзілася чакаць у чарзе нават дзве гадзіны.
“Любоў да Францішка бачная вачамі і сэрцамі тысяч людзей, якія ідуць сюды з усяго свету”, - адзначыў прэфект Рыма Ламберта Джаніні падчас прэс-канферэнцыі. Ён падкрэсліў, што з моманту смерці Францішка цікавасць да гэтай базілікі ўзрасла ў дзесяць разоў, і гарадскія службы прыкладаюць усе намаганні для арганізацыі патоку пілігрымаў.
Дзверы храма адкрыліся ў 7.00, і першых пілігрымаў, якія жадалі памаліцца каля магілы Францішка, прывітаў кардынал Раландас Макрыцкас, архіпрэзбітэр-каад'ютар гэтай папскай базілікі. Пасля праверкі бяспекі вернікі праходзілі праз Святую Браму, а затым накіроўваліся да магілы Папы ў левым нефе.
Чарга да магілы Францішка расцягнулася вакол муроў базілікі, і з кожнай гадзінай станавілася ўсё даўжэйшай. Службы парадку дазвалялі вернікам заставацца каля магілы толькі некалькі секунд, каб даць магчымасць прайсці ўсім жадаючым. У другой палове дня да магілы прыйшлі больш за 110 кардыналаў, якія разам з вернікамі памаліліся Нешпарамі з Нядзелі Божай Міласэрнасці.
Папа Францішак выбраў менавіта гэтую базіліку для свайго пахавання з-за асаблівай любові да Маці Божай у іконе “Salus Populi Romani”. Магіла выканана паводле яго тэстаменту: простая пліта з надпісам FRANCISCUS і рэпрадукцыя яго нацельнага срэбранага крыжа.