2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Малітва за спачылага Святога Айца, велікодны візіт да праваслаўных – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У парафіях Беларусі моляцца аб спачылым Пантыфіку. У дзень пахавання Папы Францішка адначасова з пачаткам Літургіі ў Ватыкане, 26 красавіка 2025 года ў касцёлах Пінскай дыяцэзіі святары цэлебруюць святыя Імшы ў інтэнцыі жыцця вечнага для Францішка. Літургіі распачалі жалобным гучаннем касцёльных званоў. Усе тры біскупы дыяцэзіі моляцца ў буйнейшых яе гарадах. У гэты ж дзень у касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі боем званоў паведамілі пра пачатак пахавання Святога Айца. Імшы ў інтэнцыі спачылага Папы ў парафіях дыяцэзіі цэлебруюць у найбольш зручны для вернікаў час.

У галоўным касцёле Мінска ўшанавалі святога Юрыя і маліліся за біскупа Касабуцкага. 23 красавіка 2025 года, Генеральны вікарый архідыяцэзіі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ва ўспамін свайго заступніка, святога Юрыя Велікамучаніка. Разам з ім раздзялілі свята арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Юрый Ясевіч, асабісты сакратар Мітрапаліта, які таксама ў гэты дзень святкаваў свае імяніны. Гамілію прамовіў ганаровы іерарх, які нагадаў, што ў гэты дзень адзначаў бы свае імяніны і Папа Францішак, які адышоў у вечнасць.

Гродзенскія біскупы здзейснілі велікодны візіт да праваслаўнага архіепіскапа. 23 красавіка 2023 года біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч наведалі архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія. У межах сустрэчы біскуп Уладзімір Гуляй выказаў праваслаўнаму іерарху віншаванні з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана. Ардынарый выказаў думку, што агульнае перажыванне пасхальнай радасці паспрыяла таму, каб вернікі розных канфесій былі яшчэ больш здольнымі штодзённа адкрываць бясконцую любоў Хрыста.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, pinskdiocese.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 красавіка 2025, 07:38