Канклаў: як кардыналы выбіраюць новага Пантыфіка?
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канклаў (ад лацінскага "cum clave" – "пад ключом") – гэта падзея, якая мае шматвяковую традыцыю і дакладныя касцельныя правілы. Сучасныя прынцыпы выбару Папы замацаваны ў апостальскай канстытуцыі "Universi Dominici Gregis", выдадзенай святым Янам Паўлам II у 1996 годзе, з пазнейшымі папраўкамі Бэнэдыкта XVI.
Выбар Папы – працэс, які патрабуе дзвюх трацін галасоў кардыналаў-выбаршчыкаў
Пасля смерці ці адстаўкі Папы пачынаецца перыяд "Sede Vacante". Кардыналы-выбаршчыкі – чальцы Калегіі кардыналаў маладзейшыя за 80 гадоў – збіраюцца ў Рыме. Ключавым момантам з'яўляецца Імша "Pro eligendo Papa" і ўрачыстае зачыненне дзвярэй Сікстынскай капэлы.
Выбар адбываецца шляхам тайнага галасавання, у поўнай ізаляцыі ад свету. Падчас шматлікіх паслядоўных галасаванняў кожны выбаршчык аддае свой голас за аднаго кандыдата, старанна складваючы бюлетэнь і ўкладваючы яго ў спецыяльную урну. Для выбару Папы патрабуецца большасць не менш як дзве траціны аддадзеных галасоў.
Сёння для выбару Папы патрэбна не менш 90 галасоў
Улічваючы, што сёння права ўдзелу ў канклаве маюць 135 кардыналаў-выбаршчыкаў (хоць невядома, ці ўсе возьмуць удзел у канклаве), для правамоцнага выбару Біскупа Рыма спатрэбіцца не менш як 90 галасоў.
Калі ў першым галасаванні ў дзень пачатку канклава не ўдаецца выбраць Папу, кожны наступны дзень праводзяцца чатыры галасаванні – два ў ранішняй сесіі і два ў пасляабедзеннай. Дым над Сікстынскай капэлай з'яўляецца пасля кожнай сесіі галасаванняў, а не пасля кожнага асобнага галасавання.
Пасля кожных трох поўных дзён без выніку наступае дзень малітвы і разважання. Гэты рытм (галасаванні – малітва) паўтараецца да дасягнення выніку або прымянення спецыяльных працэдур.
Калі канклаў зацягваецца, кардыналы абмяжоўваюць выбар да двух кандыдатаў
Калі пасля прыкладна 33-34 галасаванняў (улічваючы дні малітвы і разважання, гэта час каля двух тыдняў) ніводзін кандыдат не выбраны, кардыналы абмяжоўваюць выбар да двух кандыдатаў, якія атрымалі найбольш галасоў у апошнім галасаванні. Нават тады па-ранейшаму дзейнічае правіла дзвюх трацін галасоў – выключэнні з гэтага правіла былі адменены Бэнэдыктам XVI у 2007 годзе.
Найбольш вядомым прыкладам надзвычай доўгага працэсу абрання Пантыфіка быў канклаў 1268-1271 гадоў у Вітэрба. Пасля смерці Папы Клімента IV кардыналы амаль тры гады не маглі дасягнуць згоды. Даведзеныя да адчаю жыхары горада літаральна зачынілі іх пад ключ, абмежавалі харчовы рацыён і нават знялі дах будынка, каб прымусіць прыняць рашэнне. Толькі пасля такіх мер быў выбраны Папа Грыгорый X.
Выбар Папы Францішка ў 2013 годзе заняў усяго пяць галасаванняў на працягу двух дзён
З іншага боку, Касцёл ведае і рэкордна хуткія канклавы. У 1503 годзе выбар кардынала Джуліяна дэла Ровэрэ, які прыняў імя Юлій II, заняў усяго адны суткі. Гэтак жа імгненна прайшоў канклаў у 1939 годзе, калі ўсяго праз два дні быў выбраны Папа Пій XII.
У сучаснай сітуацыі выбары найчасцей кароткія: Ян Павел II быў выбраны ў кастрычніку 1978 года пасля васьмі галасаванняў на трэці дзень канклава. Яшчэ хутчэй адбыўся выбар Францішка ў 2013 годзе – хапіла пяці галасаванняў на працягу двух дзён.
Сярэдняя працягласць канклава ў сучасным Касцёле складае ад 2 да 5 дзён, як сведчаць гістарычныя крыніцы.