Чацвёртая кангрэгацыя кардыналаў: Папа будзе пахаваны як пастыр
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, пасяджэнне пачалося з малітвы, пасля якой прысягнулі новапрыбыўшыя кардыналы.
Іерархі працягнулі чытанне Апостальскай канстытуцыі "Universi Dominici Gregis", з 27-га да 32-га раздзела. Прагучалі 33 выступленні ў рамках агульнага разважання пра Касцёл і свет.
Было прынята рашэнне, што ў нядзелю 27 красавіка кардыналы наведаюць магілу Святога Айца ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Прыбыццё запланавана на 16:00. Іерархі пройдуць праз Святую браму, наведаюць магілу Францішка, а затым прымуць удзел у святой Імшы ў капліцы з абразом "Salus Populi Romani".
У завяршэнне пасяджэння выступіў кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, арцыбіскуп Дыега Равэлі. Ён патлумачыў, што пахаванне Папы Францішка будзе пахаваннем пастыра, а не манарха. Гэты літургічны выбар зрабіў сам Францішак, зацвердзіўшы яго у чэрвені 2024 года.
З серады 23 красавіка да поўдня 25 красавіка з Папам развіталіся каля 150 000 чалавек. Базіліку Святога Пятра зачынілі ў 19:00.
Увечары 25 красавіка ў 20:00 адбудзецца абрад закрыцця труны Папы Францішка. Ён пройдзе ў прыватным парадку і не будзе трансліравацца ў прамым эфіры.
Што тычыцца пратакольных указанняў, паведамляецца, што 26 красавіка падчас пахавальнай Імшы ўсе афіцыйныя дэлегацыі будуць размешчаны з правага боку, гледзячы на Базіліку Святога Пятра. Паводле дыпламатычнага пратаколу, у першым радзе – прэзідэнты Аргенціны (радзімы Папы) і Італіі, за імі – манархі і кіраўнікі дзяржаў у парадку французскага алфавіту. Пацверджаны ўдзел каля 130 дэлегацый, сярод якіх прыкладна 50 кіраўнікоў дзяржаў і 10 дзеючых манархаў.
Пасля Імшы жалобны картэж абміне Плошчу Святога Пятра і вернецца ў базіліку. Затым труну з целам Папы перавязуць праз браму Пэруджына ў кірунку Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. Падарожжа зойме прыкладна 30-40 хвілін, хуткасць руху – каля 10 км/г.
Відэатрансляцыя працэсіі будзе весціся ў прамым эфіры па каналах Vatican Media, яна завершыцца пасля прыбыцця ў базіліку. Абрад пахавання будзе прыватным.
У 21:00 кардынал Раландас Макрыцкас узначаліць ружанцовую малітву ў інтэнцыі Папы Францішка перад базілікай.
Для журналістаў прадугледжаныя візіты ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ 27-29 красавіка. На сённяшні дзень акрэдытавана 2700 журналістаў.
Пятая Генеральная кангрэгацыя кардыналаў збярэцца ў панядзелак 28 красавіка ў 9:00.