Сусветны дзень бедных - 2024. Дабрачынны абед у Ватыкане Сусветны дзень бедных - 2024. Дабрачынны абед у Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Папа Францішак і вучэнне пра бедных: словы і ўчынкі

Евангельскія “апошнія” стануць тымі, хто праводзіць Францішка ў апошні шлях, - нагадаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад: Марыя Валодзіна - Vatican News

На парозе Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе пад матчыным позіркам Марыі Salus Populi Romani будзе пахаваны Францішак, збяруцца не магутныя гэтага свету, а бедныя – мігранты, бяздомныя, адкінутыя грамадствам, тыя, хто быў у цэнтры вучэння Папы Францішка і знаходзіцца ў цэнтры кожнай евангельскай старонкі.

Словы, прамоўленыя раніцай у панядзелак пасля Вялікадня кардыналам-камерленгам Кевінам Джозэфам Фарэлам, калі ён абвяшчаў аб нечаканай смерці Папы Францішка, падкрэслілі аснову яго вучэння: “Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства”. "Як бы я хацеў бачыць Касцёл бедны і для бедных", - сказаў ён на пачатку свайго пантыфікату.

“Для Касцёла выбар на карысць убогіх з’яўляецца найперш катэгорыяй тэалагічнай, чым культурнай, сацыялагічнай, палітычнай ці філасофскай. Бог дае ім “сваю першую міласэрнасць”. Гэтая Божая прэферэнцыя ўплывае на жыццё ўсіх хрысціянаў, пакліканых да таго, каб мець думкі такія, як у Хрысце”, - напісаў ён у апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, дакуменце, які нам яшчэ трэба цалкам зразумець і які пазначыў шлях яго служэння як Наступніка святога Пятра.

Гэтыя словы заўсёды суправаджаліся ўчынкамі і канкрэтным выбарам. Першы Папа, які ўзяў імя святога Францішка Асізскага, увайшоў у плынь вучэння сваіх папярэднікаў, такіх як святы Ян ХХІІІ, які за месяц да адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора сказаў: “Касцёл прадстаўляецца такім, якім ён ёсць і хоча быць – Касцёлам для ўсіх, і асабліва Касцёлам бедных”.

Вучэнне слоў і жэстаў першага Папы з Паўднёвай Амерыкі мела вытокі ў Евангеллі і ў навучаннях першых Айцоў Касцёла. Святы Амвросій, напрыклад, сцвярджаў: “Ты не дорыш беднаму нічога свайго, ты толькі вяртаеш яму тое, што яму належыць. Бо ты прысвойваеш сабе тое, што дадзена ўсім. Зямля дадзена ўсім, а не толькі багатым”. На падставе гэтых слоў святы Павел VI у энцыкліцы “Populorum progressio” сцвярджаў, што прыватная ўласнасць не з’яўляецца безумоўным і абсалютным правам, і ніхто не мае права пакідаць сабе для выключнага выкарыстання тое, што перавышае яго патрэбы, калі іншыя не маюць неабходнага. Святы Ян Залатавуст у сваёй вядомай гаміліі казаў: “Хочаш ушанаваць цела Хрыста? Не грэбуй Ім, калі Ён голы. Не ўшаноўвай Яго тут, у святыні, дзе Ён апрануты ў шоўк, каб пасля на вуліцы не звярнуць на Яго ўвагі, калі Ён пакутуе ад голаду і нагаты. Той, хто сказаў: “Гэта Цела Маё”, сказаў таксама: “Вы бачылі мяне галодным і не накармілі Мяне”.

Далёкі ад ідэалагічных інтэрпрэтацый, Касцёл не мае палітычных інтарэсаў, якія было б неабходна абараняць, калі ён заклікае пераадолець тое, што Францішак назваў “глабалізацыяй абыякавасці”. Натхнёны толькі словамі Евангелля і падтрыманы традыцыяй Айцоў Касцёла, Папа заклікаў нас звярнуць позірк на “апошніх”, якіх любіў Езус. Менавіта "апошнія" сёння і праводзяць яго ў апошні шлях.

26 красавіка 2025, 08:20