У Базіліцы Святога Пятра прайшла цырымонія закрыцця труны Папы

Увечары 25 красавіка 2025 года адбылася цырымонія закрыцця труны Папы Францішка. На працягу ночы каля яе чувалі ў малітве члены капітула Базілікі Святога Пятра.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Абрад узначаліў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла. Цырымонія мела прыватны характар. У ёй бралі ўдзел кардыналы, бліжэйшыя супрацоўнікі Пантыфіка, канонікі ватыканскага сабора і некаторыя сваякі Святога Айца.

Майстар папскіх літургічных цэлебрацый, арцыбіскуп Дыега Равэлі, зачытаў rogito – афіцыйны дакумент на лацінскай мове з біяграфіяй Святога Айца і апісаннем яго пантыфікату.

Пасля гэтага дакумент быў запячатаны ў металічнай капсуле і змешчаны ў труну разам з манетамі і памятнымі медалямі, адчаканенымі падчас пантыфікату Папы Францішка.

Падчас абраду твар Пантыфіка быў накрыты белым шаўковым вэлюмам, а цела акроплена асвячонай вадой.

Напрыканцы цырымоніі цынкавая труна была запаяна, і на ёй былі пастаўлены пячаткі кардынала-камерленга, Прэфектуры Папскага дома, Бюро літургічных цэлебрацый і Ватыканскага капітулу. На вечку труны былі размешчаны крыж і герб памерлага Пантыфіка, а таксама шыльда з яго імем, датамі жыцця і працягласцю яго Пятровага служэння.
 

26 красавіка 2025, 05:42