Барталамей І Барталамей І   (AFP or licensors)

Патрыярх Барталамей І адзначаны "тэалагічным Нобелем"

Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I стаў лаўрэатам прэстыжнай “Прэміі Тэмплтана” за 30-гадовую дзейнасць па аб'яднанні навуковага і духоўнага разумення прыроды і экалагічнае служэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Духоўны лідар 300 мільёнаў праваслаўных хрысціян атрымаў узнагароду вартасцю 1,28 мільёна еўра, як паведамляецца ў прэс-рэлізе ад 10 красавіка 2025 года. "Патрыярх Барталамей атрымлівае прэмію за тое, што клопат пра навакольнае асяроддзе стаў для яго галоўным духоўным абавязацельствам," - заявіла Хезер Тэмплтан Дзіл, старшыня “Фонда Тэмплтана”.

Будаўнік мастоў паміж рэлігіямі

85-гадовы іерарх заслужыў рэпутацыю надзейнага суразмоўцы ў дыялогу з ісламам і юдаізмам. Дзякуючы веданню сямі моў і доктарскай ступені па кананічным праве, Патрыярх Барталамей здолеў сабраць вакол экалагічных праблем шырокае кола навукоўцаў, даследчыкаў, палітычных дзеячаў і духоўных лідараў розных канфесій.
"Яго здольнасць знаходзіць агульную мову з прадстаўнікамі розных рэлігій і культур зрабіла яго аўтарытэтным голасам у міжрэлігійным дыялогу," - адзначаецца ў паведамленні фонду.

Шлях адукацыі і служэння

Барталамей І атрымаў адукацыю ў Тэалагічнай школе на востраве Халкі, а пасля дыяканскага пасвячэння ў 1961 годзе працягнуў навучанне ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. У 1991 годзе ён быў абраны Патрыярхам Канстанцінопальскім і 270-м пераемнікам апостала Андрэя.

"Тэалагічны Нобель"

Прэмія Тэмплтана, заснаваная ў 1972 годзе, мае выдатны спіс лаўрэатаў: Маці Тэрэза, Брат Ражэ, Далай-лама, Аляксандр Салжаніцын.

"Узнагарода падкрэслівае неабходнасць дыялогу паміж рэлігіяй і навукай у вырашэнні глабальных экалагічных праблем," - адзначыла Хезер Тэмплтан, падкрэсліваючы ўнёсак Барталамея І ў фарміраванне "зялёнай тэалогіі" і яго заслужаны тытул "Зялёнага Патрыярха".
 

11 красавіка 2025, 11:40