Пакістан аплаквае Папу як апостала міжрэлігійнага дыялогу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля смерці Францішка мусульманскія і хрысціянскія лідары Пакістана сабраліся на малітоўную сустрэчу, арганізаваную 22 красавіка 2025 года айцом Асіфам Сардарам, генеральным вікарыем архідыяцэзіі Лахор. Падчас сустрэчы яны падкрэслілі, што Францішак заўсёды быў яркім голасам міру, братэрства і адзінства.
Касцёлы па ўсёй краіне напоўніліся вернікамі, якія пачалі бесперапынную малітву. Паведамленні са спачуваннямі паступілі ад мусульманскіх лідараў, імамаў і грамадзянскіх улад. Нават простыя мусульманскія вернікі выказалі сваім хрысціянскім суседзям салідарнасць з прычыны страты Пастыра, які пакінуў след у сэрцах усіх.
"Дакумент аб чалавечым братэрстве”, таксама вядомы як "Дэкларацыя Абу-Дабі", падпісаны 4 лютага 2019 года Папам Францішкам і Вялікім Імамам Аль-Азхара – сапраўдная вяха ў адносінах з ісламам.
Паводле інфармацыі агенцтва “Fides”, пакістанскія рэлігійныя лідары падкрэслілі, што гэты дакумент з'яўляецца "магутным заклікам да ўсведамлення сябе як братоў і сясцёр, каб разам садзейнічаць справядлівасці і міру, гарантуючы правы чалавека і рэлігійную свабоду" і "ўяўляе сабой спадчыну, якую мы заўсёды будзем насіць у нашых сэрцах".