Пахаванне Святога Айца: у Рыме ўмацаваны меры бяспекі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Парадак і бяспеку каля Ватыкана забяспечваюць каля шасці тысяч паліцэйскіх, карабінераў, супрацоўнікаў іншых праваахоўных і вайсковых структур, якім дапамагаюць шматлікія валанцёры.
Напярэдадні ўся навакольная тэрыторыя была праверана сапёрамі, у тым ліку падземныя камунікацыі. Спецслужбы выкарыстоўваюць верталёты і дроны з 3D-візуалізацыяй. На стратэгічна важных будынках размешчаны снайперы. Прысутнічаюць падраздзяленні па абароне ад хімічных, ядзерных і бактэрыялагічных нападаў. Паветраная прастора кантралюецца спецыялістамі з супрацьдронавымі сістэмамі. Рачная паліцыя ажыццяўляе патруляванне Тыбра.
Каля Ватыкана абмежавана магчымасць паркавання аўтамабіляў, перакрыты вуліцы і практычна спынены рух транспарту. У той жа час уведзены дадатковыя цягнікі ў кірунку Рыма і зніжкі на квіткі. Для турыстычных аўтобусаў, якія дастаўляюць пілігрымаў на пахаванне Папы, у горадзе вылучана 1373 парковачныя месцы. У дні развітання з Пантыфікам колькасць пасажырапатоку ў рымскіх аэрапортах “Ф’юмічына” і “Чампіна” дасягнула рэкордных 160-170 тысяч чалавек у дзень.
Мабілізаваны таксама службы аховы здароўя: задзейнічаны 55 мабільных брыгад, 52 машыны хуткай дапамогі, створана 11 медыцынскіх пунктаў. Персанал бальніцы Святога Духа, якая знаходзіцца ў некалькіх сотнях метраў ад Ватыкана, працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці. Асобная медыцынская структура гатовая, у выпадку неабходнасці, аказаць дапамогу кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў, што прыехалі на цырымонію пахавання Папы.