Куды ісці Касцёлу?: медытацыя для кардыналаў перад канклавам
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28), – гэтыя словы Езуса, як адзначыў манах, скіраваныя не толькі да “малых”, пра якіх кажа Евангелле, але і да кожнага, хто сёння нясе цяжар адказнасці за лёс Касцёла. Ён заклікаў прысутных удзельнічаць у гэтым “запрашэнні Хрыста”, для якога Ён сам з’яўляецца і шляхам, і мэтай: “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне” (Ян 14, 6).
Абат працягваў, падкрэсліваючы: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога” (Ян 6, 68-69). Гэта, паводле яго, павінен быць духоўны клімат канклаву: выбаршчыкі не могуць абапірацца на палітычную логіку, чалавечыя планы ці асабістыя памкненні, а павінны цэнтраваць усе рашэнні вакол Езуса, Які “той самы ўчора, і сёння, і навекі!” (Гбр 13, 8).
Пакора і лагоднасць вучаць служэнню
Разважанне пра пакору і міласэрнасць праходзіла праз яшчэ адну евангельскую цытату: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Мц 11, 29). Абат падкрэсліў, што менавіта гэтыя якасці – лагоднасць і пакора – рэдка ўласцівыя чалавеку натуральна, але яны патрабуюцца ад Касцёла, пазбаўляюць яго спакусы аўтарытарнасці, замкнёнасці і гартуюць здольнасць да служэння.
“Няхай Касцёл будзе маці, а не мачахай, адкрытай да ўсіх, асабліва да пакрыўджаных і слабых”, - звярнуўся ён да кардыналаў, цытуючы Пасланне да Рымлян: “Любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 5).
Дзе дзьме Дух – там сапраўднае абнаўленне
Абат Альяры падкрэсліў таксама свабоду дзеяння Духа Святога, спасылаючыся на начную размову Езуса з Нікадэмам: “Вецер вее там, дзе хоча, і голас яго чуеш, але не ведаеш, адкуль прыходзіць і куды ідзе. Так ёсць з кожным, хто нарадзіўся з Духа” (Ян 3, 8). Ён заклікаў кардыналаў не замыкацца ў чалавечых чаканнях і схемах, а падпарадкаваць сваё сэрца натхненню Духа, гатоваму прывесці да навяртання і пастаяннага духоўнага росту.
Гаворачы пра Касцёл як супольнасць, абат згадаў словы апостала Паўла: “З Яго ўсё цела, якое складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемныя сувязі, у меру дзеяння кожнага асобнага члена, атрымлівае ўзрастанне для будавання самога сябе ў любові” (Эф 4, 16).
Быць глінай у руках Бога – значыць давяраць пераменам
Медытацыя закранула і вобраз ганчара з кнігі прарока Ераміі: “Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маіх руках, дом Ізраэля” (Ер 18, 6). Абат падкрэсліў, што Касцёл павінен быць гатовы на пераўтварэнні, з пакорай і цярплівасцю прымаць выклікі і цяжкасці, давяраючы Богу.
“Толькі Касцёл, натхнёны надзеяй на Хрыста, можа ісці за межы страху і пасрэднасці, адкрываючы для свету сапраўднае святло і радасць Евангелля”, - адзначыў ён, цытуючы Пасланне да Габрэяў: “Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі!” (Гбр 13, 8).
Хто спадзяецца – бачыць далей: надзея адкрывае будучыню Касцёла
У завяршэнні бенедыктынскі абат нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI: “Хрысціяне адрозніваюцца тым, што яны маюць будучыню (...) Толькі тады, калі ёсць упэўненасць у будучыні як у станоўчай рэчаіснасці, сучаснасць вартая таго, каб жыць (Spe salvi, 2). І заклікаў: “Дазвольце Духу Святому быць сапраўдным галоўным героем вашага выбару. Дазвольце Яму кшталтаваць вашыя сэрцы, распальваць розум і асвятляць вочы, каб вы ўбачылі цуды, якія Пан хоча здзейсніць дзеля дабра свайго Касцёла і ўсяго свету”.
Ён заахвоціў будучых удзельнікаў канклава даверыць сябе заступніцтву святой Кацярыны Сіенскай – гэтай вялікай святой, якая ўсё жыццё змагалася за адзінства Касцёла і малілася за Папу. Асобна абат звярнуў увагу на значэнне заступніцтва Маці Божай, якую Езус пакінуў Касцёлу Маці: “Няхай Яна ахіне вас Сваім мацярынскім плашчом і захоўвае ў гэтыя дні”, - пажадаў напрыканцы аўтар медытацыі.