Каманда "Athletica Vaticana" на велагонцы "Джыра д'Італія" 2023 Каманда "Athletica Vaticana" на велагонцы "Джыра д'Італія" 2023 

Ватыкан упершыню прыме велагонку "Джыра д'Італія"

1 чэрвеня 2025 года велагонка "Джыра д'Італія" ўпершыню праедзе праз тэрыторыю Ватыкана, сімвалічна аб'яднаўшы спорт і духоўнасць у год Юбілею.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гістарычны момант чакае Ватыкан 1 чэрвеня 2025 года: сусветна вядомая велагонка "Джыра д'Італія" ўпершыню пройдзе праз яго тэрыторыю, засведчыўшы асаблівую павагу да Папы Францішка і каталіцкай супольнасці. Гэта падзея стане ўнікальнай часткай падрыхтоўкі да свята спорту ў рамках Юбілею 2025 года, запланаванага на 14-15 чэрвеня, паведамляе "L'Osservatore Romano".

Гэта не проста праезд, а падзея з сэнсам

“Гэта будзе не проста праезд, не дзеля турызму, а глыбока сімвалічны маршрут”, - падкрэсліў падчас прэзентацыі падзеі біскуп Пол Тай, сакратар Дыкасцэрыя па культуры і адукацыі. Ён выказаў удзячнасць Папу Францішку за падтрымку і назваў удзел "Джыра" ў жыцці Ватыкана "гістарычным момантам". Да слова, сам праект афіцыйна стартаваў яшчэ 28 кастрычніка 2021 года, калі ватыканская спартыўная асацыяцыя “Athletica Vaticana” стала паўнапраўным членам Сусветнага веласіпеднага саюза.

Кожны метр – сведка духоўнасці і гісторыі

Маршрут пройдзе па самых сакральных кутках Ватыкана: ад Базілікі Святога Пятра, уздоўж сцен і да Ватыканскіх музеяў, – "кожны метр тут дыхае гісторыяй і духоўнасцю", - адзначыў іерарх.

У гэтым годзе "Джыра д'Італія" стартуе 10 мая 2025 года ў Албаніі, пройдзе праз Славенію і фінішуе 1 чэрвеня фінальным этапам у Рыме. Апошнія 143 кіламетры пачнуцца каля Тэрмаў Каракалы, а перад фінішам на Цырку Максімус удзельнікі заедуць у Ватыкан, пачынаючы ў 15.30 з вуліцы Паўла VI праз браму Петрыяна.

Спорт вучыць жыццю

"Кожная велагонка вучыць вытрымцы, мужнасці, альтруізму і каманднай працы, - адзначаў Папа Францішак яшчэ 19 сакавіка 2019 года, звяртаючыся да еўрапейскіх веласіпедыстаў. - Як і ў жыцці, тут важна падтрымліваць таго, хто адстаў, і дапамагаць дасягнуць мэты".

"Джыра" ў Ватыкане – гэта і працяг асаблівай традыцыі: “Athletica Vaticana” ўжо двойчы брала ўдзел у "Giro-E" у падтрымку дзіцячай паліятыўнай медыцыны.

Як заўважыў падчас прэзентацыі мэр Рыма Раберта Гуальцьеры, спаборніцтвы на тэрыторыі Ватыкана стануць асаблівым сімвалам: “Тут кожны метр – сведчанне ўзаемаразумення і надзеі для тысяч людзей”.
 

30 красавіка 2025, 09:54