Кардынал Паралін: міласэрнасць – ключавое пасланне Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал П'етра Паралін, старшынствуючы на плошчы святога Пятра падчас Імшы за памерлага Папу, 27 красавіка 2025 года звярнуўся да прысутных, адзначаючы, што пасля смерці Езуса вучні адчувалі сябе асірацелымі, самотнымі і згубленымі. Гэта можа таксама датычыцца стану духу Касцёла і ўсяго свету пасля смерці Францішка. Аднак ён нагадаў словы Пантыфіка пра тое, што "Евангелле з Езусам Хрыстом заўсёды нараджае і адраджае радасць".
Міласэрнасць – ключавое пасланне Пантыфіка
"Міласэрнасць Айца, большая за нашы абмежаванні і разлікі, характарызавала Настаўніцтва памерлага Папы і яго інтэнсіўнае апостальскае служэнне. Яму спадарожнічаў запал абвяшчэння міласэрнасці і дзялення ёю з усімі – абвяшчэнне Добрай Навіны, евангелізацыя – гэта было праграмай яго пантыфікату", - сцвердзіў кардынал Паралін.
Звяртаючыся да падлеткаў, якія прыбылі з усяго свету на свой Юбілей, іерарх адзначыў, што Папа Францішак жадаў з імі сустрэцца. Гаворачы пра выклікі, якія чакаюць маладых, ён заахвоціў, каб, стаючы перад імі, яны імкнуліся да ўмацавання свайго жыцця сапраўднай надзеяй, "якая мае аблічча Езуса Хрыста".
Езус прыходзіць, каб сустрэць нас там, дзе мы ёсць
"Ён прыходзіць, каб сустрэць вас там, дзе вы знаходзіцеся... каб дапамагчы вам быць шчодрымі, вернымі і адказнымі ў жыцці, якое перад вамі, дапамагчы вам зразумець, што ў жыцці найкаштоўнейшае – любоў, якая ўсё разумее і ва ўсім спадзяецца (1 Кар 13, 7)", - сказаў найбліжэйшы супрацоўнік памерлага Пантыфіка.
Кардынал Паралін нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца таксама Свята Божай Міласэрнасці, і менавіта міласэрнасць Айца характарызавала Настаўніцтва Папы Францішка і яго інтэнсіўнае апостальскае служэнне. Ён заклікаў прыняць яго спадчыну і ўвасабляць яе ў жыццё, "адкрываючыся на Божую міласэрнасць і становячыся міласэрнымі адзін да аднаго".
Толькі міласэрнасць лечыць і стварае новы свет
"Навіна Евангелля заключаецца перш за ўсё ў адкрыцці, што мы любімыя Богам, які адорвае кожнага з нас спачуваннем і пяшчотай, незалежна ад нашых заслуг. (...) мы пакліканы заангажавацца ў перажыванне нашых адносін ужо не паводле крытэрыяў разліку ці аслепленага эгаізму, але адкрываючыся на дыялог з іншым чалавекам, прымаючы тых, каго сустракаем на нашым шляху, і даруючы ім іх слабасці і памылкі. Толькі міласэрнасць лечыць і стварае новы свет, тушачы пажары недаверу, нянавісці і насілля: гэта вялікае пасланне Папы Францішка", - сцвердзіў яго Дзяржаўны сакратар.
Кардынал Паралін падкрэсліў, што "Папа Францішак быў цудоўным сведкам Касцёла, які схіляецца з пяшчотай над параненым і лечыць бальзамам міласэрнасці; і нагадаў нам, што мір немагчымы без заўважэння іншага, без звароту ўвагі на тых, хто слабейшы, і перш за ўсё ніколі не будзе міру, калі мы не навучымся дараваць адзін аднаму, праяўляючы адзін да аднаго тую ж міласэрнасць, якой Бог ахінае наша жыццё".
Былы Дзяржаўны сакратар Яго Святасці заахвоціў усіх вернікаў даверыцца Маці Божай, вялікім шанавальнікам якой быў Папа Францішак.
Гэта была другая Імша падчас “навендыялаў” – дзевяці дзён жалобы – у малітве за Папу Францішка.