Кардынал Рэйна: Францішак да апошняга дня абвяшчаў Божую міласэрнасць

28 красавіка 2025 года ў Базіліцы Святога Пятра ў Рыме прайшла Эўхарыстычная цэлебрацыя трэцяга дня Навендыялаў (Novemdialis) – дзевяцідзённага перыяду малітвы за памерлага Пантыфіка. Яе ўзначаліў кардынал Бальдасарэ Рэйна, Генеральны вікарый для Рымскай дыяцэзіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў гэтыя дні рымляне, разам з іншымі народамі, аплакваюць свайго біскупа. У наш час, “калі свет палае” і мала хто адважваецца абвяшчаць Евангелле, чалавецтва нагадвае “авечак без пастыра”. Езус, сапраўдны пастыр гісторыі, разумее цяжар, які ляжыць на тых, хто працягвае Яго справу. Сёння, як і ў часы першых вучняў, “ёсць поспехі і паразы, стомленасць і страх”. Нягледзячы на выпрабаванні, варта працягваць жыць у пошуку і чаканні “новага неба і новай зямлі”. Мы не павінны паддавацца духоўнай і разумовай ляноце, якая з-за страху перамен прымушае нас прытрымлівацца старых касцёльных практык і формаў веры.

Іерарх звярнуў увагу на “шматлікія працэсы рэформаў у жыцці Касцёла”, распачатыя Папам Францішкам. Людзі прызналі ў ім духоўнага лідара, “універсальнага пастыра”, і зараз задаюцца пытаннем аб тым, якім будзе далейшы шлях распачатых Францішкам працэсаў.

На думку кардынала Рэйны, неабходна распазнаваць і накіроўваць тое новае, што нараджаецца, у святле місіі і надзеі на “новае неба і новую зямлю”. Шукаць пастыра сёння – значыць шукаць таго, хто не баіцца страт дзеля праўды Евангелля, хто глядзіць на свет позіркам Езуса і вядзе людзей да адзінства, бо мы – “народ Божы, прызначаны для абвяшчэння Евангелля”.

Іерарх нагадаў, што добры пастыр цалкам аддае сябе дзеля дабра іншых, ён сее насенне, якое мусіць памерці, каб прынесці плён. Папа Францішак, як сапраўдны пастыр і сейбіт Божай міласэрнасці, да апошняга дня аддаваў сябе народу. На Вялікдзень, за дзень да смерці, не думаючы пра сябе, благаслаўляў і абдымаў свой народ, абвяшчаючы Божую міласэрнасць.

“Дзякуй, Папа Францішак”, - сказаў кардынал Рэйна, заклікаючы Марыю Salus Populi Romani прыняць яго душу і ахоўваць нас у працягненні яго місіі.

Трэцяя Імша "навендыялаў" у Базіліцы Святога Пятра
29 красавіка 2025, 11:51