Кардыналы падчас канклава. Ілюстрацыйнае фота Кардыналы падчас канклава. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад абвясціў дату пачатку канклава

Канклаў распачнецца ў другой палове дня 7 мая 2025 года. Раніцай гэтага дня кардыналы збяруцца на святой Імшы “pro eligendo Pontifice”, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дату пачатку працэдуры выбару Папы вызначылі кардыналы, якія 28 красавіка 2025 года сабраліся ў Ватыкане на Пятай Генеральнай Кангрэгацыі. У пасяджэнні, якое пачалося супольнай малітвай, бралі ўдзел 180 кардыналаў, з якіх крыху больш за 100 – выбаршчыкі.

Падчас нарады прагучалі каля 20 выступленняў, прысвечаных справам Касцёла, адносінам Касцёла са светам, выклікам, а таксама рысам, якія павінны быць уласцівыя новаму Папу для іх вырашэння. Гаворка, між іншым, ішла пра евангелізацыю, міжрэлігійны дыялог і барацьбу са злоўжываннямі.

Раніцай 29 красавіка, падчас Шостай Генеральнай Кангрэгацыі, іерархі выслухаюць медытацыю, якую правядзе айцец Даната Альяры, абат бенедыкцінскага абацтва Сан-Паола.

Удзельнікі пасяджэння шляхам лёсавання выбралі трох наступных кардыналаў, якія на працягу бліжэйшых трох дзён будуць дапамагаць камерленга падчас Генеральных Кангрэгацый і вырашэння бягучых пытанняў. Імі сталі нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс, філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле і французскі кардынал Даменік Мамбэрці.

Канклаў будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, якая ўжо закрыта для наведвальнікаў. У бліжэйшы час яна будзе падрыхтавана да выбару новага Пантыфіка. Таксама прыпынены візіты ў Ватыканскія сады і ў некропаль Via Triumphalis.

 

28 красавіка 2025, 13:23