Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад у ААН: ядзерная зброя дае толькі ілюзію бяспекі

Адмовіцца ад логікі ядзернага стрымлівання і вярнуцца на шлях дыпламатыі, дыялогу і супрацоўніцтва дзеля дасягнення трывалага міру, заклікаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у пасяджэнні Камісіі ААН па раззбраенні, якая 8 красавіка 2025 года прайшла ў Нью-Ёрку ў рамках 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Рост канфліктаў і аслабленне даверу

У сённяшнім свеце, дзе “палітычная нестабільнасць і канфлікты працягваюць нарастаць, многія дзяржавы звяртаюцца да ваенных рашэнняў дзеля абароны свайго суверэнітэту і інтарэсаў. Аднак такі падыход вядзе не толькі да значных выдаткаў, але і да падрыву шматбаковасці, дыялогу і міжнароднага супрацоўніцтва. Страх становіцца асноўнай рухаючай сілай абаронных стратэгій, а стрымліванне часта разглядаецца як найважнейшы кіруючы прынцып”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасада.

Дыпламат працытаваў Папу Яна ХХІІІ, які яшчэ ў 1963 годзе ў энцыкліцы "Pacem in Terris" папярэджваў аб тым, што калі адна краіна павялічвае сваю ваенную моц, у іншых неадкладна абуджаецца дух суперніцтва, і яны павялічваюць свае ўласныя запасы ўзбраенняў. Гэтыя словы, сказаныя больш за паўстагоддзя таму, застаюцца актуальнымі і сёння, калі цыкл нарошчвання ўзбраенняў і логіка стрымлівання ствараюць атмасферу падазронасці і падзелу, што яшчэ больш аддаляе міжнародную супольнасць ад перспектывы дасягнення трывалага міру.

Гонка ўзбраенняў дае толькі ілюзію бяспекі

У той час, калі пагроза ядзернага канфлікту зноў набывае актуальнасць, неабходна вярнуцца да шляху раззбраення. Ядзерная зброя павялічвае рызыкі і стварае толькі ілюзію бяспекі, хаваючы сапраўдны шлях да міру. Любое прымяненне гэтай зброі будзе мець катастрафічныя наступствы для чалавецтва і навакольнага асяроддзя, нанясуць доўгатэрміновую шкоду як цяперашняму, так і будучым пакаленням, - папярэдзіў арцыбіскуп Кача.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў усе дзяржавы адмовіцца ад канцэпцыі ядзернага стрымлівання і далучыцца да Дагавора аб забароне ядзернай зброі, а таксама весці канструктыўны дыялог у рамках Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Рызыкі новых тэхналогій

Развіццё і выкарыстанне ў ваенных мэтах новых тэхналогій, асабліва штучнага інтэлекту, стварае новыя пагрозы для міжнароднай бяспекі. Пастаянны назіральнік Святога Пасада заклікаў да сумеснай распрацоўкі прававых механізмаў, якія гарантавалі б мірнае выкарыстанне гэтых тэхналогій на карысць усяго чалавецтва і міра ва ўсім свеце.

Роля дыпламатыі

На заканчэнне арцыбіскуп Кача нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што дыпламатыя паклікана весці дыялог з усімі бакамі, нават з тымі, каго не лічаць “зручнымі” суразмоўцаў або з тымі, хто не мае законных падстаў для вядзення перамоў. Толькі так можна разарваць ланцугі нянавісці і помсты, якія скоўваюць нас, і аслабіць моц чалавечага эгаізму і пыхі, якія вядуць да вайны.

09 красавіка 2025, 13:08