Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Юбілей людзей з інваліднасцю распачаўся ў Рыме

На фоне жалобных цэлебрацый, звязаных са смерцю Папы Францішка, у Рыме праходзіць Юбілей людзей з інваліднасцю. У ім бяруць удзел каля 10 тысяч чалавек з 90 краін свету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Двухдзённыя юбілейныя мерапрыемствы распачаліся раніцай 28 красавіка 2025 года з праходу праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра. У касцёле Сан-Джавані-Батыста-дэі-Ф’ёрэнтыні, недалёка ад Ватыкана, пілігрымы маюць магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі і паўдзельнічаць у эўхарыстычнай адарарацыі.

Увечары яны збяруцца на святой Імшы ў Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі, якую будзе цэлебраваць арцыбіскуп Рына Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

29 красавіка на Плошчы Святога Пятра іерарх звернецца да ўдзельнікаў сустрэчы з катэхезай, пасля чаго прагучаць некаторыя сведчанні. Затым адбудзецца супольны абед у садах Замка Святога Анёла і святочная праграма, якая будзе працягвацца там жа да самага вечара. Падчас яе выступяць папулярныя італьянскія акцёры, тэлевядучыя і спевакі сярод якіх Расэла Брэшыя, Рудзі Дзэрбі, Наэмі. Будзе прысутнічаць італьянская міністр па справах інваліднасці Алясандра Локатэлі. Усе мерапрыемствы будуць суправаджацца сінхронным перакладам на італьянскую і міжнародную мову жэстаў.

На працягу ўсяго дня ў ватыканскім палацы на самым пачатку Вія Канчыліяцыёнэ будуць знаходзіцца стэнды са сведчаннямі аб знаках надзеі ў жыцці людзей з інваліднасцю.
 

28 красавіка 2025, 12:33