Ксёндз Антоніа Спадара і Папа Францішак Ксёндз Антоніа Спадара і Папа Францішак  (Vatican Media)

Блізкі дарадца Францішка: Папа шукаў Божую волю ў гісторыі

Папа Францішак не рэалізоўваў “гатовы план”, а праз блізкасць да людзей і пастаянны пошук Божай волі распазнаваў наступныя рашэнні і шукаў магчымасці для евангельскага навяртання, лічыць ксёндз Антоніа Спадара.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“На працягу ўсяго пантыфікату Францішка духоўнае, пастырскае і структурнае навяртанні ішлі поруч”, - падкрэсліў падсакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі ў інтэрв’ю швейцарскаму выданню cath.ch.

Італьянскі святар заклікаў не фрагментаваць папскае вучэнне, папярэдзіўшы, што “калі б яго пантыфікат грунтаваўся выключна на ідэальным праекце, плёне яго ўласных – хай сабе і добрых – памкненняў, гэта было б проста яшчэ адной версіяй “ідэалогіі перамен”.

На думку ксяндза Спадара, Папа Францішак не меў гатовай праграмы пантыфікату. “У яго не было гатовых ідэй, якія ён хацеў бы навязаць рэальнасці, ні ідэалагічнага плана рэформ”, - сказаў ён, нагадаўшы словы Святога Айца пра тое, што “апосталы не рыхтуюць стратэгію”.

Пантыфік ніколі не лічыў Касцёл маналітнай структурай, а быў перакананы, што Святы Дух можа стварыць гармонію з яго разнастайнасці, - падкрэсліў езуіт.

Ксёндз Антоніа Спадара адзначыў, што Францішак быў пастырам, блізкім да Божага народа, і менавіта гэтая блізкасць была яму неабходная для прыняцця правільных рашэнняў. Іншы важны аспект – імкненне Святога Айца праз духоўнае распазнаванне шукаць і разумець Божую волю ў гісторыі, перакананы падсакратар Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.
 

01 мая 2025, 12:09