Пошук

Дзітрых Бонхёфер Дзітрых Бонхёфер 

80 гадоў з дня гібелі тэолага, які кінуў выклік Гітлеру

9 красавіка 2025 года спаўняецца 80 гадоў з дня смерці Дзітрыха Бонхёфера, выбітнага лютэранскага тэолага і ўдзельніка руху супраціву нацызму, які быў пакараны смерцю ў канцлагеры Флосенбюрг.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Бонхёфер, нарадзіўшыся 4 лютага 1906 года ў Вроцлаве, стаў адным з найбольш уплывовых тэолагаў XX стагоддзя. Яго жыццё і вучэнне працягваюць натхняць хрысціян ва ўсім свеце, нягледзячы на тое, што прайшло 80 гадоў з дня яго трагічнай смерці.

Быць хрысціянінам значыць быць чалавекам

"Быць хрысціянінам азначае быць чалавекам. Не нейкі тып чалавека, а проста чалавечнасць стварае ў нас Хрыстус", - пісаў ён, падкрэсліваючы важнасць практычнага хрысціянства ў штодзённым жыцці.

Тэолаг рана распазнаў небяспеку нацызму і стаў адным з першых, хто выступіў у абарону яўрэяў. У сваім эсэ "Касцёл і яўрэйскае пытанне", напісаным у 1933 годзе, ён сцвярджаў, што абарона правоў чалавека з'яўляецца абавязкам усяго Касцёла.

Як удзельнік руху супраціву, Бонхёфер быў арыштаваны ў 1943 годзе і правёў апошнія два гады свайго жыцця ў турме. Менавіта там ён напісаў свае самыя ўплывовыя працы, уключаючы лісты і вершы.

Чым ёсць хрысціянства для нас сёння?

"Тое, што мяне няспынна хвалюе, гэта пытанне аб тым, чым ёсць хрысціянства або кім ёсць Хрыстус для нас сёння", - пісаў Бонхёфер свайму сябру Эбергарду Бетге з турмы ў 1944 годзе.

Спадчына пратэстанцкага тэолага працягвае жыць. Яго працы перакладзены на многія мовы. Кардынал Вальтэр Каспер адзначаў, што біблейская тэалогія следавання за Хрыстом у разуменні Бонхёфера прамаўляе сёння як да пратэстантаў, так і да католікаў. Бонхёфер заклікаў да "зямнога хрысціянства", якое будзе вызначацца не рэлігійнымі актамі, а "ўдзелам у пакутах Бога дзеля свету"

Вера натхняе на супраціў несправядлівасці

Апошнім яго літаратурным творам стаў верш "Цудоўна абаронены добрымі сіламі", напісаны 19 снежня 1944 года ў берлінскай турме. Гэты верш-псальм, упершыню апублікаваны ў 1951 годзе, да гэтага часу часта ўзгадваецца на розных мовах, а музыку да яго напісалі больш за 70 кампазітараў.

80 гадоў пасля смерці Бонхёфера, яго жыццё нагадвае пра неабходнасць адстойваць свае перакананні нават у самыя цёмныя часы і пра тое, як вера можа натхняць на супраціў несправядлівасці.
 

09 красавіка 2025, 10:45