Кардынал Бэчу не ўвойдзе на канклаў: паслухмянасць Пантыфіку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Джавані Анджэла Бэчу, 76-гадовы італьянец з Сардзініі, выключыў сябе з ліку ўдзельнікаў канклава, прызначанага на 7 мая 2025 года. Ён афіцыйна заявіў, што выконвае просьбу Папы Францішка і не будзе прысутнічаць у Сікстынскай капэле ў момант выбару новага Папы.
“Маючы на сэрцы дабро Касцёла, якому служыў і буду служыць з вернасцю і любоўю, а таксама дзеля еднасці і спакою канклава, я вырашыў быць паслухмяным, як заўсёды рабіў, волі Папы Францішка і не ўваходзіць на канклаў, застаючыся перакананым у сваёй невінаватасці”, - гаворыцца ў заяве кардынала.
Папа Францішак прыняў такое рашэнне на фоне шматгадовага расследавання ў дачыненні да Бэчу. Імя кардынала было цэнтральным у справе аб фінансавых аперацыях з нерухомасцю ў Лондане.