Пошук

Знакамітая Брама Міласэрнасці ў Іерусаліме — адна з гістарычных брам Старога горада Знакамітая Брама Міласэрнасці ў Іерусаліме — адна з гістарычных брам Старога горада 

Святая Зямля: хрысціяне разам за справядлівасць і роўнасць

У Святой Зямлі створана экуменічная група "Голас з Іерусаліма за справядлівасць", якая імкнецца садзейнічаць справядліваму міру і роўнасці паміж Ізраілем і Палесцінай у святле хрысціянскага паклікання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ініцыятыва, якую ўзначальваюць былы лютэранскі епіскап Муніб Янан і каталіцкі патрыярх-эмерыт Мішэль Сабах, аб'яднала маладых палесцінскіх хрысціян і старэйшых рэлігійных лідараў. Сярод заснавальнікаў – ксёндз Давід Нойхаус, езуіт яўрэйскага паходжання і біблеіст.

"Мы стварылі экуменічны "мазгавы цэнтр", які імкнецца сведчыць аб хрысціянскім пакліканні ў Святой Зямлі, актыўна прасоўваючы справядлівы мір і роўнасць паміж Ізраілем і Палесцінай", - патлумачыў ён.

"Мы глыбока засмучаны тым, што адбываецца – бесперапынным знішчэннем і смерцю, якія датычаць Газы і паўночнага Заходняга берага, - падкрэсліў ксёндз Нойхаус. - Мы хацелі б пачуць, як нашы Касцёлы яшчэ мацней выступаюць супраць гэтых злачынстваў".

Група выпусціла дакумент "З глыбіняў клічу да Цябе", які адрасаваны тром групам: палесцінцам, якія пакутуюць ад насілля; тым, хто маўчыць у свеце; і тым, хто лічыць выгнанне палесцінцаў воляй Бога.

"Мы хочам сказаць, што ўсе мы – ізраільцяне і палесцінцы – былі створаны паводле вобраза і падабенства Бога, роўныя ў годнасці і правах, – падкрэсліў ксёндз Нойхаус. - Выгнанне палесцінцаў у гэтым сэнсе – не проста злачынства; гэта святатацтва".

Нягледзячы на складаную сітуацыю, група абвяшчае хрысціянскую надзею. "Напярэдадні хрысціянскага свята Пасхі мы молімся, каб Святло пранікла ў гэтае чалавецтва, якое сёння блукае ў цемры", - зазначыў езуіт.
 

11 красавіка 2025, 11:01