Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Юбілей і бяспека моладзі: спецыяльныя карткі для пілігрымаў

Рымская дыяцэзія сумесна з Інстытутам абароны дзяцей Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта падрыхтавала спецыяльныя "Safeguarding Card" для маладых пілігрымаў, якія прыбудуць у Вечны горад.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас Святога года ў Рыме адбудуцца два важныя мерапрыемствы, прысвечаныя маладым вернікам: "Юбілей падлеткаў" з 25 па 27 красавіка і "Юбілей моладзі" з 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года. Тысячы маладых людзей прыедуць у Рым, каб прыняць удзел у гэтых падзеях, жывучы ў гасцявых сем'ях і ўдзельнічаючы ў разнастайных рэлігійна-культурных праграмах Юбілею.

Клопат пра бяспеку маладых вернікаў

"Прывітанне, дарагія маладыя людзі, я дон Бальда, кардынал-вікарый Рыма, я сапраўды шчаслівы вітаць вас ад імя гэтай велізарнай дыяцэзіі на 'Юбілеі падлеткаў' і 'Юбілеі моладзі'", - звяртаецца Генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, кардынал Бальдасарэ Рэйна, у прывітальным відэа да маладых удзельнікаў. “Мы павінны добра правесці дні Юбілею, і таму мы хацелі б падтрымаць вас, каб ваша знаходжанне было як мага больш бесклапотным!" – дадае іерарх.

На сайце Рымскай дыяцэзіі адзначаецца: "Касцёл Рыма ставіць сябе на службу ўдзельнікам, гарантуючы бяспечнае, прывабнае і паважлівае асяроддзе для ўсіх, каб зрабіць досвед Юбілею больш радасным і змястоўным". Для гэтага кардынал Рэйна звярнуўся да Інстытута абароны дзяцей (IADC), каб распрацаваць канцэпцыю абароны для моладзевых падзей.

Відэа пра бяспеку моладзі, падрыхтаванае Рымскай дыяцэзіяй

Практычныя парады для бяспечнага знаходжання

У відэа даюцца практычныя парады, на што маладыя пілігрымы павінны звяртаць увагу падчас знаходжання ў Рыме. Гаворка ідзе не толькі пра папярэджанне наконт зладзеяў ці ашуканцаў, якія спрабуюць прадаць білеты на моладзевыя юбілеі (дарэчы, усе яны бясплатныя). Гэта таксама карысная інфармацыя і парады для моладзі, якія дапамогуць адчуваць сябе бяспечна.

На аснове практычных сітуацый і пытанняў, прадстаўленых у дыялогу маладой жанчыны з манахіняй, маладым людзям даюць зразумець, што яны не адны. І што ў выпадку няўпэўненасці або непрыемных сітуацый і парушэння меж ёсць дапамога, якую яны могуць і павінны выкарыстоўваць.

"Калі здараецца нешта непрыемнае – маўчанне не дапаможа!" - падкрэслівае маладая жанчына ў відэа. - У такім выпадку звярніцеся да людзей, якія могуць выслухаць і дапамагчы, да кантактных пунктаў дыяцэзіі, таксама да вашага месца пражывання, і падзяліцеся магчымымі цяжкасцямі! Гэта найлепшы спосаб атрымаць дапамогу і лепш правесці час у Рыме".

“Картка бяспекі”, якая заўсёды побач

Для моладзі падрыхтавалі спецыяльную “Картку бяспекі” (Safeguarding Card) з лагатыпам Рымскай дыяцэзіі. На ёй пазначаныя ўсе неабходныя кантакты – італьянскі нумар экстраннай дапамогі 112, лініі падтрымкі для дзяцей і падлеткаў “Telefono Azzurro” і “Emergenza Infanzia”, а таксама электронная пошта дыяцэзіі для дапамогі ў складаных сітуацыях. Картку можна лёгка пакласці ў кішэню ці, яшчэ прасцей, спампаваць сабе на смартфон праз спецыяльны QR-код. Так яна заўсёды будзе пад рукой, калі спатрэбіцца.

Паводле інфармацыі Святога Пасада, на "Юбілей падлеткаў", які пройдзе з 25 па 27 красавіка 2025 года, ужо зарэгістравалася больш за 80 000 чалавек. Чакаюцца вялікія групы з ЗША, Аўстраліі і Індыі. Святкаванні распачнуцца супольнай малітвай у адным з сучасных раёнаў Рыма – Эўр (EUR). А пасля ўдзельнікаў будзе чакаць яркі канцэрт на старажытнай пляцоўцы “Circo Massimo”, што надасць падзеі асаблівую атмасферу
 

17 красавіка 2025, 12:03