Пакістан святкуе Вялікдзень: надзея насуперак выклікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле інфармацыі агенцтва “Fides”, католікі Пакістана ад буйных гарадоў да маленькіх вёсак рыхтуюцца адзначыць цэнтральную таямніцу сваёй веры. Айцец Лазар Аслам, капуцын з Лахора, сведчыць, што Вялікдзень для іх з'яўляецца крыніцай надзеі, асабліва для тых, хто пераносіць выпрабаванні.
"Вялікдзень у гэтым Юбілейным годзе – гэта глыбокае абнаўленне веры нават пасярод пакут, бо цемра не перамагае святло Хрыста", - падкрэслівае манах, адзначаючы стойкасць вернікаў нягледзячы на штодзённыя выклікі.
Стаўленне мусульман да хрысціянскага свята разнастайнае: многія, прызнаючы Хрыста прарокам, паважаюць і віншуюць хрысціян, што спрыяе міжрэлігійнаму дыялогу. Аднак частка грамадства ставіцца да свята з абыякавасцю ці нават варожасцю.
У сувязі з пагрозамі бяспецы, урад Пакістана размясціў значную прысутнасць паліцыі звонку касцёлаў, што дае вернікам пачуццё абароны, але таксама нагадвае пра ўразлівасць хрысціянскай супольнасці.
Для рэгіёна Сіндх Вялікдзень 2025 года азначаны асаблівым момантам радасці: ксёндз Прэм Віршы, першы святар з этнічнай супольнасці Качы Кохлі, пасвячаны 8 красавіка ў дыяцэзіі Хайдарабад, упершыню цэлебруе велікодныя набажэнствы для сваіх супляменнікаў. Гэтая падзея набывае асаблівую значнасць, паколькі 280-тысячная супольнасць Качы Кохлі ў большасці вызнае індуізм, і каталіцкія пакліканні сярод іх з'явіліся толькі нядаўна.