Пошук

Магіла Папы Францішка Магіла Папы Францішка 

Сціплая магіла з надпісам FRANCISCUS адкрыта для наведвання

У Рыме адкрыты доступ да магілы Папы Францішка ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Першыя вернікі з'явіліся 27 красавіка 2025 года на світанні, каб памаліцца ля месца спачыну "Папы Міласэрнасці", які пачаў сваю "вечную аўдыенцыю" менавіта ў Нядзелю Міласэрнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Нам не ўдалося трапіць у Ватыкан, і мы глядзелі літургію на тэлеэкране, але гэта ўсё роўна было велізарным перажываннем. Сёння мы ад'язджаем з Рыма, таму хацелі яшчэ развітацца з ім, молячыся ля магілы”, - падзялілася Марыя Клара з Бергама на поўначы Італіі. Для яе блізкіх паездка на пахаванне Францішка стала сямейнай пілігрымкай.

Паліцыя і службы парадку, якія кіруюць рухам вакол базілікі, чакаюць у бліжэйшыя дні значнага прытоку вернікаў. “Мы будзем назіраць за развіццём сітуацыі і паспрабуем выпрацаваць найлепшую мадэль бяспечнага наведвання гэтага месца”, - падкрэсліў прэфект Рыма Ламберта Джаніні. Гэта важна, бо вакол базілікі знаходзяцца ажыўленыя вуліцы, а плошча перад святыняй невялікая.

Ружанец за Францішка

Ад смерці Францішка перад базілікай праходзіць штодзённая малітва Ружанца. У вігілію Нядзелі Божай Міласэрнасці ёй старшыняваў кардынал Раландас Макрыцкас. Ён з'яўляецца архіпрэсбітэрам-каад'ютарам гэтай папскай базілікі, і менавіта ён падказаў Францішку, што той мог бы быць пахаваны побач з іконай “Salus Populi Romani”, якую так палюбіў.

Магіла Папы Францішка
Магіла Папы Францішка

Апошняе падарожжа ўлюбёнага Папы

“Разам з прыбыццём у базіліку адбылося апошняе падарожжа нашага ўлюбёнага Папы Францішка”, - падкрэсліў іерарх. “У нашых сэрцах мы захоўваем жывую памяць пра ўсё яго плённае служэнне ў Касцёле і для Касцёла. Касцёла, які ён любіў і якому служыў да апошняга ўздыху”, - адзначыў ён.

У 16.00 27 красавіка 2025 года ў базіліку прыбудуць кардыналы, якія знаходзяцца ў Рыме. Пасля праходу праз Святую Браму яны наведаюць магілу Папы Францішка, Паўлінскую капліцу, у якой знаходзіцца абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”, і разам адправяць Нешпары.

Раніцай Святы Пасад апублікаваў першыя фотаздымкі магілы Францішка, зробленай паводле яго ўказанняў, змешчаных у тэстаменце. На простай надмагільнай пліце відаць надпіс FRANCISCUS. На ёй пакінулі белую ружу, якую ўчора падарылі Папу бяздомныя. У сцяне змешчана рэпрадукцыя срэбнага біскупскага крыжа, які насіў Францішак. На яго накіравана далікатнае асвятленне.

Наведванне базілікі магчыма штодзённа з 7.00. Апошні ўваход для пілігрымаў у 18.30.
 

27 красавіка 2025, 12:16