Рым: сусветная сустрэча манахінь супадзе з канклавам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сталіцы каталіцкага свету рэдка сутыкаюцца дзве падзеі сусветнага маштабу: у тыдні з 5 па 9 мая 2025 года каля 900 кіраўніц жаночых манаскіх супольнасцей з 97 краін збяруцца на сустрэчу Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц (UISG), у той час як з 7 мая пачнецца канклаў для выбару новага Рымскага Пантыфіка. Аб гэтым паведамляе UISG на сваім афіцыйным сайце.
Горад сабраў дзве падзеі, якія ўвасабляюць сучасны Касцёл
Сустрэча, якая ладзіцца кожныя тры гады, не была перанесена з прычыны нечаканай смерці Папы Францішка, бо ўдзельніцы загадзя забраніравалі квіткі і жыллё. “Гэта не справа выпадку, што ў адзін і той жа момант горад сабраў дзве найважнейшыя для жыцця Касцёла падзеі. Наперадзе размова пра ролю жаночага манаства ў сучасным каталіцтве”, - гаворыцца ў апісанні форума.
8 мая ўдзельніцы плануюць прыняць і абвясціць афіцыйную дэкларацыю, якая будзе вызначаць асноўныя прыярытэты і пазіцыю жаночага манаства ў глабальных выкліках Касцёла. Фінальная праграма заключнага дня, 9 мая, стане вядомая падчас самой сустрэчы, бо залежыць ад ходу канклава, што праходзіць у Ватыкане – усяго ў некалькіх кіламетрах.
Голас манахінь гучыць усё мацней у Касцёле
64-гадовы кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, былы генеральны настаяцель салезіянаў, стане духоўным мостам паміж канклавам і кіраўніцамі ордэнаў, узначаліўшы для іх Імшу напярэдадні выбараў Папы. Ён і італьянская законніца сястра Сімона Брамбіла, прэфект Дыкастэрыі па справах кансэкраванага жыцця, выступяць на форуме з дакладамі.
Манахіні – нястомнае сэрца Касцёла
Папа Францішак неаднойчы прызначаў законніц на ключавыя пасады: нядаўна, акрамя сястры Брамбілы, ён таксама прызначыў сястру Рафаэлу Петрыні першай жанчынай на чале Губернатарату Дзяржавы Ватыкан.
Згодна з данымі Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц (UISG), сёння ў свеце больш за паўмільёна каталіцкіх законніц. Яны з’яўляюцца важнай апорай Касцёла і нястомна служаць у розных сферах – ад адукацыі да сацыяльнай дапамогі.