Пошук

"Сімфонія Міласэрнасці" у Кракаве "Сімфонія Міласэрнасці" у Кракаве 

Сімфонія Міласэрнасці: канцэрт у памяць Папы Францішка

26 красавіка 2025 года ў Кракаве, Рыме і на пяці кантынентах адначасова пройдзе вялікае музычна-малітоўнае мерапрыемства "Сімфонія Міласэрнасці". Яго арганізатары атрымалі благаслаўленне Францішка яшчэ ў лютым. Цяпер падзея стане таксама і жэстам удзячнасці за служэнне Святога Айца.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арганізатарамі канцэрта з’яўляюцца Фонд "Terra Divina" і Інстытут міжкультурнага дыялогу імя Яна Паўла II. У лютым 2025 года яны сустракаліся са Святым Айцом і атрымалі яго благаслаўленне на правядзенне мерапрыемства. "Імпульс да гэтай падзеі даў сам Францішак. Усё сваё жыццё ён гаварыў пра міласэрнасць. Францішак! Мы хочам падзякаваць табе за тое, што запаліў нашы сэрцы і навучыў нас міласэрнасці”, - адзначылі арганізатары.

Ініцыятарам мерапрыемства стаў польскі прадпрымальнік і мецэнат Ян Мроўца, які падкрэслівае, што “Сімфонія Міласэрнасці” – гэта адказ на заклік Папы Францішка маліцца аб міласэрнасці і міры ва ўсім свеце. "Наш гучны і цвёрды адказ на тое, што адбываецца сёння, ідзе з Кракава, з Польшчы, з магілы святой Фаўстыны. Мы будзем даверліва маліць аб Божай Міласэрнасці і аб дары міру", - сказаў ініцыятар падзеі.

Сімфонія, якая спалучае малітву і музыку, была напісана польскім кампазітарам Бартламеем Гліняком на словы святой Фаўстыны Кавальскай. Яна прагучыць напярэдадні Нядзелі Божай Міласэрнасці, 26 красавіка ў 17:00. Канцэрт пройдзе каля Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Кракаве, які наведвалі святы Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак.

Музыка і малітва аб'яднаюць усе кантыненты: па відэасувязі да падзеі далучацца вернікі з Рыма і санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Бразіліі, ЗША, Танзаніі, на Філіпінах і ў Аўстраліі.

"Сімфонію Міласэрнасці" выканаюць дзвесце музыкантаў і спевакоў. Гледачы з усяго свету змогуць сачыць за падзеяй у прамым эфіры па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце: www.symphonyofmercy.com

Сімфонія Міласэрнасці
Сімфонія Міласэрнасці
25 красавіка 2025, 14:12