Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (Vatican Media)

Анёл Панскі: Езус вучыць даверу да Бога

13 красавіка 2025 года, у Пальмовую нядзелю, Францішак звярнуўся да вернікаў з заклікам давераць Богу. У сваім разважанні да малітвы "Анёл Панскі” ён нагадаў, што Езус прайшоў праз Муку, захаваўшы поўны давер да Айца.

Марыя Валодзіна - Vatican News

З прычыны выздараўлення пасля цяжкай пнеўманіі Францішак не прамаўляў сваё разважанне, як звычайна, з акна Апостальскага Палаца, але яго тэкст быў распаўсюджаны Залай Друку Апостальскай Сталіцы. У цэнтры разважання – постаць Езуса, які нягледзячы на Муку, захаваў давер да Бога.

Пантыфік нагадаў евангельскі аповед паводле святога Лукі, у якім Езус некалькі разоў звяртаўся да Айца, кажучы: “Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца” (22, 42); "Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць" (23, 34); "Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой" (23, 46).

Гэтыя словы сведчаць аб тым, што Езус, будучы безабаронным і прыніжаным, але поўным веры, ідзе на крыж з пачуццямі і сэрцам дзіцяці. Крохкі целам, але моцны ў даверы, Ён прытуляецца да свайго Айца, пакуль не засне, памерлы, у Яго руках. Францішак заахвоціў вернікаў паспрабаваць адчуць гэтыя пачуцці як свае ўласныя. “Мы ўсе адчуваем боль, фізічны або душэўны, і вера дапамагае нам не паддавацца адчаю, не замыкацца ў роспачы, а супрацьстаяць ім з пачуццём таго, што, як Езус, мы знаходзімся ў абдымках прадбачлівага і міласэрнага Айца”, - напісаў Папа.

Падзяка за малітвы ў час хваробы

Святы Айцец падзякаваў усім за малітвы ў час хваробы, адзначаючы, што яны дапамагаюць яму “яшчэ больш адчуць блізкасць, спачуванне і пяшчоту Бога”. Ён моліцца і просіць вернікаў маліцца за ўсіх, хто пакутуе ад войнаў, беднасці, стыхійных бедстваў.

Трагедыі ў Дамінікане, Судане, Ліване

Папа нагадаў пра трагедыю ў Санта-Дамінга, дзе ў выніку абвалу загінулі людзі, і пра трагічную гадавіну пачатку вайны ў Судане, якая забрала тысячы жыццяў і прымусіла мільёны сем'яў пакінуць свае дамы. Святы Айцец заклікаў усе бакі, уцягнутыя ў гэты канфлікт, спыніць гвалт і распачаць шлях дыялогу, а міжнародную супольнасць – аказаць неабходную дапамогу насельніцтву. Папа таксама нагадаў пра трагічную грамадзянскую вайну ў Ліване, якая пачалася пяцьдзясят гадоў таму. “З Божай дапамогай хай будзе дадзена яму жыць у міры і росквіце”, - пажадаў ён.

Заклік да міру ў свеце

Святы Айцец заклікаў да спынення войнаў. “Хай, нарэшце, запануе мір у змучанай Украіне, Палесціне, Ізраілі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, М'янме, Паўднёвым Судане. Хай Марыя, Маці Божая Балесная, атрымае для нас гэту ласку і дапаможа нам пражыць Вялікі Тыдзень з верай”, - напісаў Пантыфік.

13 красавіка 2025, 12:32