Пошук

Папа Францішак вітае ўдзельнікаў Юбілею хворых і свету аховы здароўя. 6 красавіка 2025 года Папа Францішак вітае ўдзельнікаў Юбілею хворых і свету аховы здароўя. 6 красавіка 2025 года  (ANSA)

Апошнія дні жыцця Папы: мужнасць у хваробе і вернасць місіі

Смерць Францішка 21 красавіка 2025 года стала завяршэннем некалькіх месяцаў барацьбы з сур'ёзнымі праблемамі здароўя. Аднак нават у апошнія тыдні жыцця Папа працягваў служыць Касцёлу з тым жа энтузіязмам і адданасцю, што і ў пачатку свайго пантыфікату.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Здароўе Святога Айца пачало пагаршацца ў лютым 2025 года, калі ён быў шпіталізаваны ў клініку "Джэмелі" з дыягназам бранхіт. Неўзабаве стала зразумела, што сітуацыя больш сур'ёзная – у Пантыфіка развілася палімікробная інфекцыя, ускладненая двухбаковай пнеўманіяй.

23 сакавіка 2025 года Папа быў выпісаны з клінікі і працягнуў рэабілітацыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Доме Святой Марты. Перад выпіскай ён нават знайшоў у сабе сілы, каб выйсці да журналістаў і вернікаў, што чакалі яго каля клінікі. Гэта было першае публічнае з'яўленне Францішка пасля пяці тыдняў адсутнасці.

Нягледзячы на рэкамендацыі ўрачоў адпачываць не менш двух месяцаў і атрымліваць кругласутачную медыцынскую дапамогу ў сваёй рэзідэнцыі, Папа імкнуўся вярнуцца да сваіх абавязкаў. Медыкі апісвалі яго стан як "абароненая выпіска" – ён працягваў атрымліваць медыцынскую дапамогу ў Ватыкане. Ён выказваў глыбокую ўдзячнасць медыцынскаму персаналу і ўсім, хто маліўся за яго выздараўленне.

6 красавіка 2025 года, пасля некалькіх тыдняў адсутнасці, Папа нечакана з'явіўся на Плошчы Святога Пятра ў інвалідным вазку пасля нядзельнай імшы. Хоць ён выглядаў аслабленым, але знайшоў сілы, каб звярнуцца да вернікаў з кароткім прывітаннем. Гэты момант стаў асабліва кранальным для тысяч людзей, якія сабраліся на плошчы.

Не маючы магчымасці ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах, Францішак працягваў сваё служэнне іншымі спосабамі. Ён асабіста напісаў разважанні для Крыжовага шляху на Вялікую Пятніцу, хоць не змог удзельнічаць у набажэнстве, якое адбылося ў Калізеі.

На Вялікдзень падчас набажэнства “Urbi et Orbi” 20 красавіка 2025 года, за дзень да смерці, Папа з'явіўся на цэнтральным балконе Базілікі Святога Пятра, каб звярнуцца з заклікам да міру. Гэта было яго апошняе публічнае з'яўленне.

Раніцай 21 красавіка, у 7.35, Францішак мірна адышоў у вечнасць, завяршыўшы свой зямны шлях і пантыфікат, які назаўсёды змяніў аблічча Каталіцкага Касцёла.

21 красавіка 2025, 12:47