Пошук

Фрагмент карціны Рэмбранта "Вяртанне блуднага сына" Фрагмент карціны Рэмбранта "Вяртанне блуднага сына" 

Францішак: Бог заўсёды шукае нас, дзе б мы ні згубіліся

Папросім Бога Айца аб ласцы, каб і мы маглі адшукаць шлях, які вядзе да дома, - заклікаў Папа, каментуючы евангельскую прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

16 красавіка 2025 года ў Ватыкане быў апублікаваны тэкст катэхезы, якую Пантыфік падрыхтаваў з нагоды агульнай аўдыенцыі. Як і ў папярэднія тыдні, сустрэча Святога Айца з вернікамі не адбылася з прычыны яго стану здароўя: Францішак працягвае рэабілітацыю пасля цяжкай хваробы.

Папа заўважыў, што бліжэйшыя катэхезы ён хацеў бы прысвяціць евангельскім прыпавесцям. “Як мы ведаем, у гэтых апавяданнях выкарыстоўваюцца вобразы і сітуацыі са штодзённай рэальнасці. Таму яны кранаюць наша жыццё, правакуюць нас і заахвочваюць заняць пазіцыю: дзе я ў гэтай гісторыі?”, - напісаў ён.

Святы Айцец пачаў з самай вядомай прыпавесці, якую ўсе ведаюць з маленства: прыпавесці пра двух сыноў і бацьку, у якой паказана ўся сутнасць Евангелля – Божая міласэрнасць.

Евангеліст Лука кажа, што Езус распавёў гэту прыпавесць фарысеям і кніжнікам, якія наракалі на тое, што Ён спажываў ежу разам з грэшнікамі. Таму можна сказаць, што гэта прыпавесць адрасавана тым, хто згубіўся, але не ведае пра гэта і асуджае іншых, - заўважыў Папа.


“Евангелле хоча перадаць нам пасланне надзеі, бо кажа: дзе б мы ні згубіліся, якім бы чынам ні згубіліся – Бог заўсёды ідзе шукаць нас!”, - падкрэсліў Пантыфік, заўважаючы, што пра гэта гаворыцца ў розных евангельскіх прыпавесцях, у тым ліку ў прыпавесці пра блуднага сына: ён згубіўся, бо стаміўся ад адносін, якія лічыў занадта патрабавальнымі; а яго старэйшы брат таксама быў згубленым, бо “недастаткова заставацца дома, калі ў сэрцы жывуць пыха і крыўда”.

Францішак адзначыў, што любоў – патрабавальная. “Але малодшы сын з прыпавесці думаў толькі пра сябе, як гэта часта здараецца ў пэўныя перыяды дзяцінства і юнацтва. На самай справе, вакол нас мы таксама бачым шмат дарослых, няздольных развіваць адносіны з-за эгаізму. Яны памылкова думаюць, што знойдуць сябе, але насамрэч губляюцца, бо мы жывём па-сапраўднаму толькі тады, калі жывём для кагосьці”, - падкрэсліў Папа.

“Гэты малодшы сын, як і ўсе мы, прагнуў любові, хацеў, каб яго любілі. Але любоў – гэта каштоўны дар, з якім трэба абыходзіцца беражліва. Ён жа растрачвае яе, прадае, не паважае сябе. Ён зразумеў гэта ў часы голаду, калі ніхто не клапаціўся пра яго. Рызыка заключаецца ў тым, што ў такія моманты мы пачынаем выпрошваць любоў і прывязваемся да першага гаспадара, якога сустракаем”, - папярэдзіў Францішак.


Святы Айцец патлумачыў, што такія перажыванні спараджаюць у нас памылковае перакананне, нібыта мы можам быць у адносінах толькі як слугі, як быццам павінны адкупіць сваю віну і быццам сапраўднай любові не існуе. “На самай справе, малодшы сын, калі дакрануўся дна, думаў вярнуцца ў бацькоўскі дом, каб збіраць з зямлі хаця б крохі любові”, - нагадаў Пантыфік.

“Вызваліць нас ад такога бачання любові можа толькі той, хто па-сапраўднаму любіць нас. У адносінах з Богам мы перажываем менавіта такі досвед. Вялікі мастак Рэмбрант на сваёй знакамітай карціне цудоўным чынам паказаў вяртанне блуднага сына. Мяне асабліва ўражваюць дзве дэталі: галава юнака астрыжана, як у чалавека, які каецца, але яна таксама нагадвае галаву дзіцяці, бо гэты сын нараджаецца нанова. А затым – рукі бацькі: адна мужчынская, а другая – жаночая, каб паказаць сілу і пяшчоту абдымкаў прабачэння”, - патлумачыў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што адрасатаў прыпавесці сімвалізуе старэйшы сын, які застаўся дома з бацькам, хоць быў далёкі ад яго – далёкі ў сэрцы. “Магчыма, і ён хацеў сысці, але з-за страху ці пачуцця абавязку застаўся. Аднак калі ты прыстасоўваешся супраць жадання, пачынаеш сілкаваць у сабе гнеў, і раней ці пазней гэты гнеў выбухне. Парадаксальным чынам, напрыканцы менавіта старэйшы сын рызыкуе застацца па-за домам, бо не падзяляе радасці бацькі”, - заўважыў Папа.

“Бацька выходзіць насустрач і яму. Не папракае яго і не заклікае да абавязку. Ён хоча толькі, каб той адчуў яго любоў: запрашае ўвайсці і пакідае дзверы адчыненымі. Гэтыя дзверы застаюцца адчыненымі таксама і для нас. І гэта прычына для надзеі: мы можам спадзявацца, бо ведаем, што Айцец чакае нас, бачыць нас здалёк і заўсёды пакідае дзверы адчыненымі”, - нагадаў Францішак, заклікаючы вернікаў задумацца, якое месца яны займаюць у гэтай прыпавесці. “І папросім Бога Айца аб ласцы, каб таксама і мы маглі адшукаць шлях, які вядзе да дома”, - завяршыў сваю катэхезу Папа.
 

16 красавіка 2025, 10:56