Пошук

 Дон Таніна Бэла з маладымі скаўтамі Дон Таніна Бэла з маладымі скаўтамі 

Францішак: надзея адкрывае ў жыцці чалавека акно ў вечнасць

У прадмове да кнігі "Прарокі надзеі" Пантыфік разважае пра хрысціянскую надзею як сілу, што дазваляе чалавеку глядзець за межы зямнога жыцця і знаходзіць сэнс свайго шляху.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Выдавецтва “Àncora Editrice” апублікавала кнігу святара Тамаза Джануцы, у якой ён параўноўвае погляды біскупа Мальфеты Таніна Бэла і Папы Францішка на тэалагічную цноту надзеі.

Пантыфік у сваім уводным слове падкрэслівае, што надзея дапамагае чалавеку адказаць на фундаментальныя пытанні пра жыццё пасля смерці.

"Што будзе з чалавекам пасля смерці? Што будзе са мной?"

"Надзея – гэта жыццё, гэта сэнс шляху, гэта знаходжанне прычын, каб рухацца наперад, матывуючы сэнс нашага існавання", - піша Папа, адзначаючы, што яна "адкрывае ў жыцці чалавека акно ў Вечнасць".

Спасылаючыся на Катэхізіс, Францішак нагадвае, што хрысціянская надзея – тэалагічная цнота, дзякуючы якой мы жадаем Нябеснага Валадарства, даверыўшыся абяцанням Хрыста. Яна абараняе ад зняверанасці, падтрымлівае ў момант адчаю і пашырае сэрца ў чаканні вечнага шчасця.

"Трэба растлумачыць, што надзея – блізкая сваячка рэалізму"

Цытуючы дона Таніна Бэла, Папа адзначае, што надзея – гэта "намаганне таго, хто выправіўся ў дарогу і накіроўвае свае крокі з любоўю да мэты, якая яшчэ не дасягнута", а не проста "сховішча няспраўджаных жаданняў".

Святы Айцец падкрэслівае, што надзея – гэта ласка, якая нараджаецца з прыроджанага жадання быць шчаслівым, а не толькі плён чалавечых намаганняў.

"Усе спадзяюцца. У сэрцы кожнага чалавека схаваная надзея як жаданне і чаканне дабра", - піша Францішак у Буле абвяшчэння Юбілейнага 2025 года, адзначаючы, што непрадказальнасць будучыні можа выклікаць супрацьлеглыя пачуцці: ад даверу да страху, ад спакою да смутку.

Завяршаючы прадмову, Папа прыводзіць словы французскага паэта Шарля Пегі з яго твора "I misteri": "Тое, што мяне здзіўляе, кажа Бог, гэта надзея. Гэта маленькая надзея, якая выглядае як нішто. Гэта дзіця-надзея, неўміручае".
 

18 красавіка 2025, 12:27