Пошук

Папа Францішак перад абразом "Salus Populi Romani" Папа Францішак перад абразом "Salus Populi Romani" 

Францішак наведаў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ

12 красавіка 2025 года Святы Айцец, які праходзіць рэабілітацыю пасля цяжкай пнеўманіі, здзейсніў прыватны малітоўны візіт у рымскую Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Святога Пасада паведаміла, што Папа Францішак “адразу пасля абеду адправіўся ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ і ў вігілію Пальмовай нядзелі і Вялікага тыдня спыніўся на малітву перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani”.

Францішак мае глыбокую пашану да абраза Salus Populi Romani (Збаўленне рымскага народа) – адной з найстаражытнейшых ікон Багародзіцы ў Рыме – і часта прыязджае да яго памаліцца.

Свой першы малітоўны візіт да гэтага абраза ў якасці Пантыфіка ён здзейсніў 14 сакавіка 2013 года – на наступны дзень пасля абрання Біскупам Рыма. 23 сакавіка 2025 года, вяртаючыся ў Ватыкан з рымскай клінікі “Джэмэлі” пасля 38-дзённай шпіталізацыі, Папа зрабіў прыпынак каля Базілікі Санта-Марыя-Маджорэ і перадаў яе архіпрэзбітэру, кардыналу Раландасу Макрыцкасу, букет кветак для Панны Марыі як падзяку за ўратаванне падчас хваробы.
 

12 красавіка 2025, 15:23