Пошук

Аўдыенцыя для навучэнцаў Папскай касцельнай акадэміі. Ілюстрацыйнае фота Аўдыенцыя для навучэнцаў Папскай касцельнай акадэміі. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак рэфармаваў Папскую касцельную акадэмію

Святы Айцец абвясціў аб рэформе Папскай касцельнай акадэміі – навучальнай установы, якая з 1701 года рыхтуе дыпламатычных прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Згодна з хірографам Папы Францішка “Il Ministero petrino” (Пятровае служэнне), падпісаным 25 сакавіка 2025 года і апублікаваным 15 красавіка 2025 года, Папскай касцельнай акадэміі надаецца статус інстытута вышэйшай адукацыі ў галіне дыпламатычных навук. Установа будзе адпавядаць міжнародным стандартам у галіне вышэйшай адукацыі і зможа прысвойваць навуковыя ступені другога і трэцяга цыклаў (ліцэнцыят і дактарат).

У рамках рэформы будзе абноўлена акадэмічная праграма, каб забяспечыць усебаковую і адпаведную падрыхтоўку святароў для выканання дыпламатычнай місіі ў розных краінах свету. Фармацыйны курс будзе прадугледжваць інтэграцыю юрыдычных, гістарычных, палітычных, эканамічных, лінгвістычных і дыпламатычных кампетэнцый з моцнай навуковай базай. Рэарганізацыя выклікана неабходнасцю падрыхтоўкі дыпламатаў Святога Пасаду, здольных адказваць на выклікі сучаснага свету, які пастаянна змяняецца.

Святы Айцец пажадаў, каб навучальныя праграмы мелі цесную сувязь з касцельнымі дысцыплінамі, метадамі працы Рымскай курыі, патрэбамі мясцовых Касцёлаў і, у больш шырокім сэнсе, з евангелізацыяй, дзейнасцю Касцёла і яго ўзаемаадносінамі з культурай і грамадствам.

Пантыфік падкрэсліў, што гэтыя элементы з’яўляюцца асноватворнымі для дыпламатыі Святога Пасаду і яго здольнасці дзейнічаць, пасрэднічаць, пераадольваць бар’еры і развіваць канкрэтныя шляхі дыялогу і перамоў дзеля забеспячэння міру, свабоды веравызнання для кожнага верніка і гармоніі паміж краінамі.

Рэформа накіравана не толькі на забеспячэнне “акадэмічнай і навуковай адукацыі высокай кваліфікацыі”, але і на выхаванне дыпламатаў, здольных да касцельнай місіі, якая прадугледжвае дыялог з сучаснымі рэаліямі, “асабліва ў час, адзначаны хуткімі, пастаяннымі і прыкметнымі зменамі ў галіне навукі і тэхналогій”.

Францішак падкрэсліў, што для сучасных папскіх дыпламатаў ужо недастаткова “тэарэтычных ведаў” – ім патрэбныя “метад працы і стыль жыцця”, якія дазваляюць глыбока разумець дынаміку міжнародных адносін і “быць гатовымі інтэрпрэтаваць дасягненні і цяжкасці, з якімі сутыкаецца Касцёл, што становіцца ўсё больш сінадальным”. У гэтым кантэксце незаменнымі з’яўляюцца такія асабістыя якасці, як блізкасць, здольнасць слухаць, паслядоўнае сведчанне, дыялог і дух братэрства, што спалучаюцца са сціпласцю і лагоднасцю – рысамі, якія характарызуюць святарскае пакліканне паводле прыкладу Добрага Пастыра.
 

15 красавіка 2025, 13:06