Пошук

Славацкія пілігрымы ў Базіліцы Святога Пятра Славацкія пілігрымы ў Базіліцы Святога Пятра  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: вера – гэта скарб, якім трэба дзяліцца з радасцю

Кожная эпоха нясе з сабой выклікі і цяжкасці, але таксама і магчымасці для ўзрастання ў даверы і адданні сябе Богу, - нагадаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў славацкай агульнанацыянальнай пілігрымкі ў Рым, якая праходзіць у кантэксце Юбілейнага года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец запэўніў біскупаў, духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў са Славакіі ў сваёй духоўнай і малітоўнай еднасці, выказаўшы шкадаванне, што з-за стану здароўя не можа сустрэцца з імі асабіста.

“Ваша пілігрымка – гэта канкрэтны знак жадання абнавіць веру, умацаваць сувязь з Наступнікам Святога Пятра і з радасцю сведчыць пра надзею, якая не падвядзе, бо нараджаецца з любові, што зыходзіць з прабітага Сэрца Хрыста і выліваецца на нас праз Святога Духа”, - напісаў Папа ў лісце, апублікаваным 4 красавіка 2025 года.

Пантыфік заклікаў славацкае духавенства і вернікаў працягваць сведчыць пра Евангелле, натхняючыся прыкладам святых Кірыла і Мятода і многіх іншых нябесных заступнікаў сваёй зямлі.

Францішак падкрэсліў, што вера – гэта скарб, якім трэба дзяліцца з радасцю. “Кожная эпоха нясе з сабой выклікі і цяжкасці, але таксама і магчымасці для ўзрастання ў даверы і адданні сябе Богу. І як Панна Марыя сваім пакорным і мужным “так” адкрыла браму адкуплення свету, так і наша “так”, простае і шчырае, можа стаць інструментам у руках Бога для спаўнення нечага вялікага. Прыняць Яго задуму – не значыць ужо мець усе адказы, але верыць, што там, куды Ён нас вядзе, Ён апярэджвае нас сваёй ласкай. Сказаць “так” сёння можа адкрыць новыя гарызонты веры, надзеі і міру для нас і тых, каго Пан дазволіць нам сустрэць. У сінадальным духу слухайце, што Дух кажа вашаму Касцёлу, не баючыся новага, але распазнаючы ў ім ініцыятыву Бога, які заўсёды здзіўляе”, - адзначыў Папа.

 

04 красавіка 2025, 10:47