Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота

Францішак здзейсніў малітоўны візіт у Базіліку Святога Пятра

Папа нечакана наведаў Базіліку Святога Пятра, каб памаліцца ля магілы святога Пія X. Вернікі, якія прысутнічалі ў саборы, мелі магчымасць убачыць Святога Айца, прывітацца з ім і папрасіць благаслаўленне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак з’явіўся ў ватыканскай базіліцы 10 красавіка 2025 года каля 13.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Ён быў у інвалідным вазку, з цёплай накідкай і назальнымі канюлямі для падачы кісларода. Папу суправаджалі медыкі і супрацоўнікі службы аховы.

Увайшоўшы ў храм праз бакавую Браму Малітвы, Пантыфік накіраваўся да Алтара Катэдры, дзе прывітаў двух рэстаўратараў, якія працуюць над аднаўленнем надмагільных помнікаў Паўла III і Урбана VIII. Затым ён накіраваўся на малітву да магілы Пія X, ля якой правёў у цішыні каля дзесяці хвілін.

Францішак таксама зрабіў кароткі прыпынак ля магілы Бэнэдыкта XV – “Папы міру”, які кіраваў Каталіцкім Касцёлам у неспакойныя часы Першай сусветнай вайны і назваў яе “бессэнсоўнай бойняй”.

Падчас нечаканага візіту Пантыфіка ў ватыканскай базіліцы знаходзіліся тысячы вернікаў, пілігрымаў і турыстаў, для якіх гэта стала выключнай магчымасцю ўбачыць Наступніка святога Пятра на ўласныя вочы. Сотні людзей падышлі бліжэй да Папы, які асабіста прывітаў і благаславіў некаторых з іх.

Пасля вяртання ў Ватыкан з клінікі “Джэмэлі”, Пантыфік, які яшчэ працягвае рэабілітацыю пасля цяжкай пнеўманіі, упершыню з’явіўся на публіцы ў мінулую нядзелю, 6 красавіка 2025 года. Ён пажадаў асабіста прывітаць і благаславіць вернікаў, якія прымалі ўдзел у заключнай Святой Імшы Юбілею хворых і сферы аховы здароўя, што праходзіла на Плошчы Святога Пятра.
 

10 красавіка 2025, 19:28