Францішак сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, сустрэча Пантыфіка з віцэ-прэзідэнтам Вэнсам адбылася ў Доме святой Марты неўзабаве пасля 11:30 гадзін раніцы і доўжылася ўсяго некалькі хвілін. Бакі абмяняліся велікоднымі пажаданнямі.
“Прыемна бачыць Вас у добрым здароўі. Дзякуй, што прынялі мяне”, - падзякаваў Вэнс. Пасля сустрэчы з Пантыфікам віцэ-прэзідэнт ЗША разам з сям’ёй прыняў удзел у святой Імшы ў Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі, а таксама наведаў магілу апостала Паўла.
Днём раней, у Вялікую суботу, 19 красавіка, Вэнс здзейсніў візіт у Дзяржаўны сакратарыят Святога Пасада, дзе сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром, кардыналам П'етра Паралінам, і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Як паведаміла Зала Друку Святога Пасада, падчас размовы бакі пацвердзілі агульную прыхільнасць абароне права на свабоду веравызнання і сумлення, а таксама абмяняліся думкамі адносна міжнароднай сітуацыі, асабліва ў тых рэгіёнах, дзе працягваюцца войны, палітычныя напружанні і гуманітарныя праблемы. Асаблівая ўвага была нададзена становішчу мігрантаў, бежанцаў і зняволеных у турмах.
У Вялікую пятніцу, віцэ-прэзідэнт ЗША разам з жонкай і трыма дзецьмі прысутнічаў на Літургіі Мукі Пана ў Базіліцы Святога Пятра. Набажэнства ўзначаліў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.