Пасхальная Вігілія: упусцім святло Уваскрослага ў наша жыццё
Марыя Валодзіна - Vatican News
У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што Уваскрасенне адбываецца ноччу, да ўсходу сонца (пар. Лк 24, 1-12). На досвітку, з першымі сонечнымі прамянямі, жанчыны ў жалобе накіроўваюцца да магілы Езуса.
Гэтая ноч – пераломная, але ціхая, без трыўмфалізму. Вялікдзень – не відовішчная падзея, з дапамогай якой Бог сцвярджае сябе і абавязвае верыць у Яго; не месца, якое Езус дасягае лёгкім шляхам, у абыход Галгофы. Уваскрасенне не вырашае ўсё чароўным чынам, але ўваходзіць у сэрцы паступова, як маленькія парасткі святла, што прабіваюцца скрозь цемру ночы і нявер’я. Гэтыя парасткі святла давераныя нам, каб мы ахоўвалі і расцілі іх, - напісаў Пантыфік.
У гэты Юбілейны год мы пакліканыя дазволіць надзеі расквітнець у нашым жыцці і ў свеце! Калі на сэрцы цяжар смерці, калі цені зла працягваюць наступаць, калі гнояцца раны эгаізму і гвалту – нельга маркоціцца і падаць духам! Святло пачынае ззяць, нават калі мы яшчэ ў цемры. Хрыстус перамог смерць, і гэта напаўняе нас надзеяй. Наша жыццё і гісторыя чалавецтва, хоць і пагружаныя ў ноч, знаходзяцца ў руках Бога. Ён не дазволіць, каб апошняе слова засталося за злом, - сцвердзіў Папа.
Францішак заклікаў вернікаў стаць сведкамі гэтай надзеі для людзей сённяшняга часу, для тых, хто страціў веру, хто збіўся з дарогі, хто здаўся або сагнуў спіну пад цяжарам жыцця; для самотных і замкнёных у сваім болі; для ўсіх бедных і прыгнечаных; для зняважаных і забітых жанчын; для ненароджаных і абражаных дзяцей; для ахвяр вайны. Мы можам несці надзею Уваскрасення кожнаму з іх.
Уваскрослы Хрыстус – гэта канчатковы паварот у гісторыі чалавецтва. Ён – надзея, што не гасне. Ён – любоў, якая суправаджае і падтрымлівае нас. Ён – будучыня гісторыі, канчатковы пункт прызначэння на нашым шляху, дзе Пан сатрэ ўсе нашы слёзы. І мы пакліканыя абвяшчаць гэтую надзею, гэты пераломны момант у цемры, - заахвоціў Святы Айцец.
Велікодны час – гэта час надзеі. Вялікдзень нясе добрую навіну: зло ўжо пераможана. Вялікдзень дазваляе нам сцвярджаць, што нават калі Бог здаецца вельмі далёкім, а мы па-ранейшаму пагружаныя ў штодзённыя клопаты, Пан ідзе побач з намі, і промні надзеі асвятляюць наш жыццёвы шлях. “Давайце вызвалім месца для святла Уваскрослага! І станем будаўнікамі надзеі для свету” - заклікае Папа.