Пошук

VATICAN-RELIGION-POPE-FUNERAL

Імша развітання з Папам: глабальная падзея, якая аб'яднала свет

Ватыканская плошча Святога Пятра, на якой 26 красавіка 2025 года адбываецца развітанне з Папам Францішкам, ператварылася ў сапраўдны эпіцэнтр планеты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пахавальная святая Імша распачалася а 10-й гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе. Яна стала першай з дзевяці эўхарыстычных цэлебрацый, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых дзевяці дзён жалобы і малітвы пасля смерці Святога Айца.

Літургію, якая праходзіць на лацінскай мове, узначальвае 91-гадовы італьянскі кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Разам з ім моляцца каля 5 тысяч канцэлебрантаў – кардыналаў, біскупаў і святароў. Беларускі епіскапат на пахаванні Папы Францішка прадстаўляюць арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

Малітва вернікаў падчас Імшы будзе чытацца на шасці мовах: французскай, арабскай, партугальскай, польскай, нямецкай і кітайскай. Побач з алтаром усталяваны абраз Маці Божай Salus Populi Romani, які быў асабліва дарагі спачыламу Папу Францішку.

На заканчэнне цэлебрацыі пройдуць абрады апошняга развітання з памерлым Пантыфікам, падчас якіх кардынал Бальтасарэ Рэйна, генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, прачытае на лацінскай мове малітву Рымскага Касцёла, а грэка-мельхіцкі каталіцкі Патрыярх Антыёхіі Юсэф Абсі – на грэчаскай мове малітву Усходніх Цэркваў.

Затым труна з целам Святога Айца будзе перанесеная ў Базіліку Святога Пятра, а адтуль цэнтральнымі вуліцамі Рыма яе перавязуць у Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе адбудзецца пахаванне.

На пахавальнай Імшы прысутнічаюць каля 160 афіцыйных дэлегацый з розных краін свету: вялікія ўрадавыя прадстаўніцтвы Аргенціны і Італіі, 12 дзеючых манархаў, 53 кіраўнікі дзяржаў, 2 спадчынныя прынцы, 15 прэм’ер-міністраў, 6 віцэ-прэзідэнтаў, 3 намеснікі прэм’ер-міністра, 7 спікераў парламентаў, 14 міністраў замежных спраў, 9 старшынь міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, Савета Еўропы і АБСЕ, а таксама міністры, паслы і іншыя госці.

Развітацца з Папам Францішкам прыбылі прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў, сярод якіх Экуменічны Патрыярх Канстанцінопальсікі Барталамей І. Прысутнічае таксама дэлегацыя Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату на чале з Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем.

На Плошчы Святога Пятра таксама знаходзяцца дэлегаты юдаізму, іслама, будызма, індуізма, сікхізма, зараастрызма і джайнізма.
 

26 красавіка 2025, 10:22