Папа Францішак: смерць – не канец усяго, а новы пачатак
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кніга пад назвай “У чаканні новага пачатку. Разважанні пра старасць” (“Nell’attesa di un nuovo inizio. Riflessioni sulla vecchiaia”) была падрыхтавана ў Ватыканскім выдавецтве. Святы Айцец прызнаўся, што прачытаў яе з хваляваннем і ўдзячнасцю.
“Анджэла Скола разважае пра старасць, пра сваю старасць, якая – як ён піша з адкрытай шчырасцю – “раптоўна абрынулася на мяне, і ў многіх адносінах нечакана”. Ужо ў выбары слова, якім ён сам сябе апісвае – “стары” – я адчуваю еднасць з аўтарам. Так, не трэба баяцца старасці, не варта цурацца таго, каб стаць старым, бо жыццё ёсць жыццё, і прыхарошванне рэальнасці – гэта здрада праўдзе”, - падкрэсліў Францішак.
Папа адзначыў, што вярнуць годнасць слову “старасць”, якое занадта часта ўспрымаецца як негатыўнае – “гэта ўчынак, за які мы павінны быць удзячныя кардыналу Сколе”. Сказаць “стары” – не значыць сказаць “непатрэбны”, як сцвярджае культура спажывання, бо старасць – “гэта вопыт, мудрасць, разважлівасць, уменне слухаць, павольнасць”. “Гэта каштоўнасці, якіх нам цяпер вельмі не стае!”, - заўважыў Пантыфік.
“Так, мы старэем, але праблема не ў гэтым: праблема ў тым, як мы старэем. Калі мы пражываем гэты перыяд жыцця як ласку, а не з крыўдай; калі мы прымаем гэты час (часта працяглы), калі адчуваем змяншэнне сіл, стомленасць цела, рэакцыі ўжо не такія, як у маладосці, з пачуццём удзячнасці – тады і старасць становіцца плённым этапам жыцця, як вучыў нас Рамана Гвардзіні, і можа выпраменьваць дабро”, - нагадаў Папа.
Францішак заўважыў, што ў сваёй кнізе кардынал Скола звяртае ўвагу на чалавечую і сацыяльную каштоўнасць пажылых людзей. “Я неаднаразова падкрэсліваў, што іх роля мае вырашальнае значэнне для гарманічнага развіцця моладзі і, у выніку, для больш мірнага грамадства. Іх прыклад, слова, мудрасць здольныя пасеяць у маладзейшых далёкабачны погляд, памяць пра мінулае і прывязанасць да каштоўнасцей, што застануцца”, - дадаў ён.
Пантыфік адзначыў, што ў сучасным свеце, “часта зацыкленым на імгненным і вонкавым, мудрасць старэйшага пакалення становіцца маяком, што свеціць, асвятляе няпэўнасць і дае кірунак нашчадкам, якія могуць чэрпаць з іх вопыту нешта большае для ўласнага жыцця”.
Святы Айцец заўважыў таксама, што словы, якія кардынал Скола прысвяціў тэме пакут, звязаных з старасцю, і смерці, “з’яўляюцца каштоўнымі жамчужынамі веры і надзеі” і плёнам тэалогіі, “прысякнутай малітвай і дыялогам з Панам”.
“Менавіта заключэнне гэтых старонак, што з’яўляюцца споведдзю адкрытага сэрца пра тое, як яно рыхтуецца да апошняй сустрэчы з Езусам, дае нам суцяшальную ўпэўненасць: смерць – не канец усяго, а пачатак нечага новага. Гэта новы пачатак, як дакладна сказана ў назве, бо вечнае жыццё, якое той, хто любіць, ужо часткова перажывае на зямлі ў паўсядзённым жыцці – гэта пачатак таго, што не скончыцца ніколі. І менавіта таму гэта “новы” пачатак, бо мы будзем жыць тым, чаго ніколі яшчэ не перажывалі напоўніцу: вечнасцю”, - сцвердзіў Папа.