Пошук

Папа Францішак падчас набажэнства на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, прысвечанага Юбілею хворых Папа Францішак падчас набажэнства на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, прысвечанага Юбілею хворых  (ANSA)

Папа ідзе на папраўку, але Вялікі тыдзень пад пытаннем

Як паведаміла 11 красавіка 2025 года Зала Друку Святога Пасада, стан здароўя Пантыфіка застаецца стабільным, з паступовым паляпшэннем рухальнай актыўнасці, дыхання і голасу. Аналізы крыві паказваюць добрыя вынікі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цяпер Францішак працяглы час можа абыходзіцца без дадатковай аксігенацыі. Кіслародная тэрапія выкарыстоўваецца рэдка і пераважна з тэрапеўтычнымі мэтамі.

На працягу апошніх дзён Святога Айца наведалі некаторыя вышэйшыя прадстаўнікі Рымскай курыі, у тым ліку арцыбіскупы Эдгар Пэнья Пара, Пол Галахер, Лучана Руса з Дзяржсакратарыяту, а таксама іншыя кіраўнікі падраздзяленняў Святога Пасада і прэфекты дыкастэрый.

Па-ранейшаму няма канкрэтных указанняў наконт удзелу Папы ў набажэнствах Вялікага тыдня. Гэта будзе залежаць таксама ад надвор'я. Як паведамляецца, Імшу Пальмовай нядзелі будзе цэлебраваць кардынал Леанарда Сандры па даручэнні Святога Айца.

Цікава адзначыць, што напярэдадні, падчас звычайнай прагулкі, Францішак вырашыў падоўжыць яе і накіраваўся ў Базіліку Святога Пятра для малітвы.

Наступны брыфінг Залы Друку Святога Пасада адносна стану здароўя Папы, верагодна, адбудзецца 15 красавіка 2025 года, у Вялікі аўторак.
 

11 красавіка 2025, 12:35