Пошук

Імша Хрызма ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане Імша Хрызма ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане 

Папа ў Вялікі чацвер: святарства – служэнне надзеі народу Божаму

У гаміліі, падрыхтаванай для Імшы Хрызма, Францішак нагадаў святарам пра іх місію служэння, падкрэсліваючы, што святарства з'яўляецца не ганаровай пасадай, а служэннем Божаму народу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

17 красавіка 2025 года, у Вялікі чацвер, у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане адбылася традыцыйная Імша Хрызма, падчас якой была зачытана гамілія, падрыхтаваная Святым Айцом. У сваім глыбокім разважанні ён звярнуўся да сутнасці святарскага служэння, заснаванага на прыкладзе Хрыста.

Наша жыццё падтрымліваецца добрымі звычкамі

"Мы святары маем гісторыю: абнаўляючы ў Вялікі чацвер абяцанні пасвячэння, мы вызнаём, што можам прачытаць яе толькі ў Езусе з Назарэта", - адзначыў Пантыфік. Ён заклікаў духавенства навучыцца чытаць сваё жыццё праз Хрыста, які "адкрывае скрутак нашага жыцця і вучыць нас знаходзіць крокі, якія раскрываюць яго сэнс і місію."

Святы Айцец асабліва падкрэсліў, што кожны святар мае сваю асабістую гісторыю адносін з Божым Словам, якая пачалася даўно і развівалася на працягу ўсяго жыцця. Ён дадаў, што гэтыя асабістыя адносіны з'яўляюцца фундаментам святарскага служэння і што яны эфектыўна дапамагаюць іншым толькі тады, "калі Біблія застаецца нашым першым домам" – гэта значыць, калі святары працягваюць жыць у блізкасці да Святога Пісання, робячы яго асновай свайго жыцця і служэння.

Святарства – чыстае служэнне народу

"Езус паказвае нам і вучыць нас разумець, што служэбнае святарства – гэта выключнае служэнне народу Божаму, які таксама з'яўляецца народам святарскім", - канстатаваў Святы Айцец, адзначаючы, што Юбілейны год для духавенства – гэта асаблівы заклік пачаць нанова пад знакам навяртання.

Францішак нагадаў, што пастыр, які любіць свой народ, не жыве ў пошуку згоды і адабрэння любым коштам. Аднак "вернасць у любові навяртае [людзей], першымі гэта распазнаюць бедныя, але паступова яна [гэтая вернасць] турбуе і прыцягвае таксама іншых”.

Падчас Імшы Хрызма ў ватыканскай базіліцы
Падчас Імшы Хрызма ў ватыканскай базіліцы

Кожны святар мае сваё Слова для здзяйснення

"Дарагія святары, кожны з нас мае Слова, якое павінен здзейсніць," - працягвае Святы Айцец. - Кожны з нас мае даўнія і глыбокія адносіны з Божым Словам. Мы служым гэтаму Слову для ўсіх толькі тады, калі Біблія застаецца нашым першым домам."

Папа заўважыў, што ў кожнага святара ёсць свае любімыя старонкі ў Бібліі. "Гэта добра і важна!" - адзначыў ён. Але асабліва важнай для кожнага святара павінна быць старонка, абраная самім Езусам – урывак з Ісаі, які Ён прачытаў у сінагозе: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана”.

Дух Святы – галоўная дзеючая асоба ў святарскім служэнні

Папа падкрэсліў, што гэта менавіта той Дух, які мы заклікаем на наша святарства. "Мы атрымалі яго, і менавіта Дух Езуса застаецца маўклівым галоўным дзейнікам нашага служэння," – сказаў Францішак. "Народ адчувае Яго подых, калі ў нас словы становяцца рэальнасцю."

Святы Айцец адзначыў, што бедныя, дзеці, падлеткі, жанчыны і нават тыя, хто быў паранены ў адносінах з Касцёлам, маюць асаблівую "інтуіцыю" для распазнання Духа Святога: распазнаюць Яго ў адпаведнасці паміж нашым прапаведаваннем і жыццём.

Імша Хрызмf ў Базbліцы Святога Пятра пад кіраўніцтвам кардынала Даменіка Кальканьё
Імша Хрызмf ў Базbліцы Святога Пятра пад кіраўніцтвам кардынала Даменіка Кальканьё   (AFP or licensors)

Наша святарства – юбілейнае служэнне

Завяршаючы гамілію, Францішак падкрэсліў, што святарства павінна стаць юбілейным служэннем, падобным да служэння Езуса, "без гучных абвяшчэнняў і публічнасці, але ў ціхай, глыбокай адданасці, радыкальнай і бескарыслівай".

"Божае Валадарства, пра якое распавядаюць прыпавесці, дзейснае і стрыманае, як закваска, ціхае, як насенне," - заўважыў Пантыфік.

"Дарагія вернікі, народ надзеі, маліцеся сёння за радасць святароў. Няхай сыдзе на вас вызваленне, абяцанае ў Святым Пісанні і ўмацаванае сакрамэнтамі. Хоць нашыя сэрцы напоўнены страхамі, а вакол нас жахлівая несправядлівасць, але новы свет ужо нарадзіўся. Бог так палюбіў свет, што аддаў нам свайго Сына, Езуса. Гэта Ён ацаляе нашыя раны і асушае нашыя слёзы", - звярнуўся Францішак.

Імша Хрызма ў Вялікі чацвер традыцыйна адкрывае літургічныя цэлебрацыі Пасхальнага Трыдуума, падчас якіх Касцёл успамінае муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Падчас яе адбываецца асвячэнне святых алеяў: хрызма (для хросту, канфірмацыі і святарскага пасвячэння), алея хворых і алея катэхуменаў.

Падчас набажэнства святары таксама абнаўляюць свае абяцанні, дадзеныя падчас святарскага пасвячэння. Гэтая ўрачыстая Імша сімвалізуе адзінства прэзбітэрыяту з біскупам і ўвесь Касцёл як адзін святарскі народ. Яна таксама нагадвае пра ўстанаўленне Езусам сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства падчас Апошняй Вячэры, што робіць гэтую цэлебрацыю асабліва значнай для духоўнага жыцця Касцёла.
 

17 красавіка 2025, 11:13