Via Crucis: Францішак пра шлях крыжа ў свеце халодных разлікаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
18 красавіка 2025 года, у Вялікую пятніцу, кардынал Бальдасарэ Рэйна, генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, ад імя Святога Айца ўзначаліць традыцыйны Крыжовы шлях у Калізеі. Медытацыі, спецыяльна падрыхтаваныя Папам Францішкам для гэтай урачыстасці, запрашаюць вернікаў глыбей зразумець сэнс шляху Хрыста да Галгофы.
Ва ўводзінах да 14 стацый Пантыфік падкрэслівае, што ў кроках Езуса, Які ідзе да Галгофы, "ёсць наш выхад да новай зямлі", бо Хрыстус "прыйшоў змяніць свет", і таму мы павінны "змяніць кірунак, убачыць дабрату Яго слядоў". Крыжовы шлях, як піша Папа, – гэта дарога, якая нам "каштуе" ў свеце, дзе "ўсё разлічваецца", і дзе "бескарыслівасць мае дарагую цану".
Запрашэнне выйсці з камфорту звычайных шляхоў
"Крыжовы Шлях – гэта малітва таго, хто рухаецца, - піша Святы Айцец. - Ён перарывае нашы звычайныя шляхі".
У сваіх разважаннях Францішак заахвочвае вернікаў выйсці за межы ўласных схем, каб зразумець "Божую эканоміку", якая "не забівае, не адкідвае, не раздушвае. Яна пакорная, верная зямлі" – і шлях Езуса, той "шлях Благаслаўленняў", які "не знішчае, але культывуе, выпраўляе, захоўвае".
У трэцяй стацыі, дзе Езус "падае ўпершыню", Пантыфік заўважае, што "шлях крыжа глыбока ўкаранёны ў зямлі: вялікія адрываюцца ад яе, хацелі б дакрануцца да неба. А неба тут, яно апусцілася, яго можна сустрэць нават падаючы, застаючыся на зямлі".
Божая эканоміка супраць халодных алгарытмаў
Асаблівую ўвагу Святы Айцец надае "Божай эканоміцы", якая карэнным чынам адрозніваецца ад сучасных эканомік, што складаюцца "з разлікаў і алгарытмаў, халоднай логікі і бязлітасных інтарэсаў". У сёмай стацыі Крыжовага шляху, дзе Езус падае другі раз, Папа піша, што Збаўца вучыць нас чытаць "прыгоду чалавечага жыцця”: "падаць і падняцца; падаць і зноў падняцца".
У сённяшнім свеце, дзе дзевяноста дзевяць лічацца больш важнымі за аднаго, разважае Францішак, Хрыстус клапоціцца пра кожнага з нас "як пра адзіную авечку, якая заблукала". Звярнуцца да Езуса, Які падае і падымаецца, "гэта змяніць кірунак і змяніць крок” – гэта “навяртанне, якое вяртае радасць і прыводзіць нас дадому".
"У дары ўсё расквітнее нанова, - піша Папа. - Горад, падзелены на фракцыі і разарваны канфліктамі, рухаецца да прымірэння; высахлая рэлігійнасць нанова адкрывае плоднасць Божых абяцанняў, і нават каменнае сэрца можа змяніцца ў сэрца з плоці".
Сустрэчы на шляху да Галгофы
Францішак звяртае ўвагу на розных людзей, якіх Езус сустракае на шляху да Галгофы. Сярод іх Сымон Кірэнейскі, які "сутыкаецца з крыжам Хрыста, не прасіўшы аб гэтым". Гэты вобраз дапамагае нам зразумець, што з Богам "можна сутыкнуцца" выпадкова, калі наш уласны "кірунак" зусім іншы.
"У сучаснай рэальнасці, - прызнае Францішак, - мы маем патрэбу ў тым, хто часам спыніць нас і пакладзе нам на плечы нейкі кавалак рэчаіснасці, які проста трэба несці". Калі ж працаваць без Бога, то "ўсё растрачваецца", таму "на шляху крыжа ўзнікае новы Ерузалем".
У чацвёртай, шостай і восьмай стацыях Папа асабліва адзначае жаночыя постаці, якія набліжаюцца да Езуса. Перш за ўсё Марыя, якая паказвае сутнасць вучнёўства: гэта не "адмаўленне, а пастаяннае адкрыццё, аж да Галгофы", "рабіць прастору" для Божай "навізны". Вераніка, якая з любоўю выцірае твар Езуса, запрашае нас глядзець на гэты твар, на якім выразна чытаецца "рашэнне любіць нас да апошняга ўздыху: і нават далей, таму што любоў моцная, як смерць".
Езус сярод тых, хто спадзяецца
У трынаццатай стацыі Папа малюе кранальны вобраз Езуса, знятага з крыжа і перададзенага Юзафу Арыматэйскаму, "які 'чакаў Валадарства Божага'". Францішак падкрэслівае, што Хрыстус знаходзіцца "сярод тых, хто яшчэ спадзяецца, сярод тых, хто не згаджаецца думаць, што несправядлівасць непазбежная". Ён надзяляе нас "вялікай адказнасцю", робіць нас "адважнымі".
"Навучы нас нічога не рабіць, калі ад нас патрабуюць толькі чакаць. Выхавай нас у рытме зямлі, які не з'яўляецца рытмам штучнасці" - гэта малітва Папы перад тварам смерці Хрыста ў чатырнаццатай стацыі Крыжовага шляху. Францішак заклікае супрацьстаяць сучаснай сістэме, "якая ніколі не спыняецца", і навучыцца цярплівасці чакання, паводле прыроднага рытму жыцця, а не штучных алгарытмаў.
Езус, "пакладзены ў магілу", падзяляе "стан, які аб'ядноўвае нас усіх" і дасягае "бездані, якая так палохае нас" і якой "мы пазбягаем, памнажаючы нашу дзейнасць", часта "круцячыся марна". Хрыстус цяпер нібы "спіць у свеце, ахопленым буранам", але Яго ўваскрасенне, якое ахопіць усё стварэнне, прынясе мір усім народам.
Крыж як сімвал іншай эканомікі
Медытацыі Папы Францішка для Крыжовага шляху ў Калізеі запрашаюць да глыбокага разважання над "Божай эканомікай збаўлення", якая супрацьстаіць халодным разлікам і алгарытмам сучаснага свету. Пантыфік заклікае змяніць кірунак, пазнаць рытм зямлі і навучыцца чакаць. Шлях Крыжа, як падкрэслівае Святы Айцец, гэта шлях, які Езус прайшоў, спускаючыся "да свету, які Бог любіць", каб прынесці збаўленне ўсім.
У сваіх разважаннях Пантыфік прапануе кожнаму магчымасць зірнуць унутр сябе і, сузіраючы Хрыста, Які падае і падымаецца, навучыцца клапаціцца пра іншых з той жа любоўю, якую Ён выяўляе на шляху да Галгофы, каб і мы маглі стаць часткай “Божай эканомікі,” якая не адкідвае, але зберагае.