Францішак – Папа міласэрнасці
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад: Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Божая міласэрнасць – гэта нашае вызваленне і нашае шчасце. Мы жывём міласэрнасцю і не можам сабе дазволіць жыць без яе: гэта паветра, якім мы дыхаем. Мы занадта бедныя, каб ставіць умовы, нам трэба прабачаць, бо самі маем патрэбу ў прабачэнні. Калі і ёсць пасланне, якое найбольш вызначыла пантыфікат Францішка і якое застанецца навечна, дык гэта пасланне пра міласэрнасць.
Папа пакінуў нас раптоўна сёння раніцай, пасля таго як удзяліў апошняе благаслаўленне “Urbi et Orbi” на Вялікдзень з цэнтральнай лоджыі Базілікі святога Пятра, зрабіўшы апошні круг сярод натоўпу, каб благаславіць і развітацца.
Шмат тэм закранаў першы ў гісторыі Касцёла Пантыфік з Аргенціны – асабліва ўвагу да бедных, братэрства, клопат пра агульны дом, рашучае і безумоўнае “не” вайне. Але сэрцам яго паслання, тым, што найбольш кранула людзей, быў евангельскі заклік да міласэрнасці. Да той Божай блізкасці і пяшчоты да людзей, якія прызнаюць сваю патрэбу ў Яго дапамозе. Міласэрнасць як “паветра, якім дыхаем”, тое, у чым мы маем найвялікшую патрэбу і без чаго немагчыма жыць.
Увесь пантыфікат Хорхэ Марыа Берголіа прайшоў пад знакам гэтага паслання, якое з’яўляецца самым сэрцам хрысціянства. З першага “Анёл Панскі”, прачытанага 17 сакавіка 2013 года з акна папскіх апартаментаў, у якіх ён так і не пасяліўся, Францішак казаў пра цэнтральнае месца міласэрнасці, узгадваючы словы пажылой жанчыны, якая прыйшла да яго на споведзь, калі ён толькі стаў дапаможным біскупам Буэнас-Айрэса: “Бог даруе ўсё... Калі б Бог не дараваў усё, свет бы не існаваў”.
Папа, які прыйшоў “з краю свету”, не змяняў вучэнне двухтысячагадовай хрысціянскай традыцыі, але, паставіўшы міласэрнасць у цэнтр свайго навучання, змяніў тое, як многія ўспрымаюць Касцёл. Ён даў сведчанне аб мацярынскім абліччы Касцёла, які схіляецца над параненымі, асабліва параненымі грахом; Касцёла, які робіць першы крок насустрач грэшніку, гэтак жа, як Езус зрабіў у Ерыхоне, напрасіўшыся ў дом пагарджанага і ненавіснага Закхея – без умоваў і патрабаванняў. І менавіта таму, што Закхей упершыню адчуў сябе ўбачаным і любімым, ён прызнаў сябе грэшнікам, знайшоўшы ў тым позірку Назараніна штуршок да навяртання.
Шмат людзей дзве тысячы гадоў таму абуралася, бачыўшы, як Настаўнік уваходзіць менавіта ў дом мытніка з Ерыхона. І шмат хто абураўся і цяпер жэстамі прыняцця і блізкасці аргенцінскага Пантыфіка да кожнай катэгорыі людзей, асабліва да адкінутых і грэшнікаў. У сваёй першай гаміліі падчас Імшы разам з вернікамі, у касцёле святой Ганны ў Ватыкане, Францішак сказаў: “Колькі з нас, магчыма, заслугоўваюць асуджэння! І гэта было б справядліва. Але Ён прабачае! Як? З міласэрнасцю, якая не знішчае грэх: толькі Божае прабачэнне знішчае яго, у той час як міласэрнасць ідзе далей. Яна як неба: мы глядзім на неба – там шмат зорак, але калі раніцай з’яўляецца сонца з яркім святлом, зоркі ўжо не бачныя. Такая Божая міласэрнасць: вялікае святло любові і пяшчоты, бо Бог прабачае не дэкрэтам, а пяшчотай”.
На працягу ўсяго свайго пантыфікату 266-ы Наступнік Пятра паказваў аблічча Касцёла блізкага, здольнага сведчыць пяшчоту і спачуванне, прымаючы і абдымаючы ўсіх – нават рызыкуючы і не турбуючыся пра меркаванні дабрадумцаў. “Я аддаю перавагу Касцёлу пабітаму, зраненаму і бруднаму, бо ён выйшаў на вуліцу, - напісаў Францішак у “Evangelii gaudium”, дарожнай карце свайго пантыфікату, чым Касцёлу, хвораму ад замкнёнасці і камфорту, засяроджанаму на ўласнай бяспецы”. Касцёлу, які не спадзяецца на чалавечыя здольнасці, на пратаганізм інфлюэнсераў і стратэгіі рэлігійнага маркетынгу, але становіцца празрыстым, каб паказаць міласэрнае аблічча Таго, Хто яго заснаваў і дае яму жыццё ўжо дзве тысячы гадоў.
Менавіта гэта аблічча і гэтыя абдымкі пазналі многія ў пажылым Біскупе Рыма з Аргенціны, які пачаў свой пантыфікат малітвай за мігрантаў, загінулых у моры, на Лампедузе, а скончыў яго, прыкаваны да інваліднай калясцы, аддаючы сябе да апошняга імгнення, каб сведчыць свету пра міласэрныя абдымкі блізкага і вернага ў любові Бога да ўсіх Яго стварэнняў.