Пошук

Ратаўнікі на месцы разбурэнняў, выкліканых землятрусам у М'янме Ратаўнікі на месцы разбурэнняў, выкліканых землятрусам у М'янме  (AFP or licensors)

Пантыфік накіраваў дапамогу пацярпелым ад землятрусу ў М’янме

У сувязі з моцным землятрусам, які адбыўся ў М’янме і прывёў да гібелі тысяч людзей, вялікай колькасці параненых і абяздоленых, а таксама значных матэрыяльных стратаў, Папа выказаў сваю блізкасць і салідарнасць з пацярпелым народам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Праз Дыкастэрыю па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Дыкастэрыю па міласэрным служэнні Святы Айцец накіраваў шчодры фінансавы ўнёсак для аказання тэрміновай дапамогі пацярпелым”, - гаворыцца ў паведамленні, якое 16 красавіка 2025 года было апублікавана ў Ватыкане.

Падкрэсліваецца, што гэта дапамога з’яўляецца “выразам пяшчоты і духоўнай падтрымкі Пантыфіка і дапаўняе шырокую хвалю гуманітарнай падтрымкі, якая паступае ў рэгіён ад Каталіцкага Касцёла з усяго свету, у тым ліку ад манаскіх ордэнаў і розных каталіцкіх арганізацый”.

Ахвяраванні суправаджаюцца малітвай Папы і заклікам да заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, асабліва ў гэты час, калі хрысціяне рыхтуюцца да святкавання Уваскрасення Хрыстова.

Магутны землятрус магнітудай 7,7 адбыўся ў М’янме 28 сакавіка 2025 года. Эпіцэнтр стыхіі знаходзіўся недалёка ад Мандалая – другога па велічыні горада краіны. У выніку разбурэнняў загінулі каля пяці тысяч чалавек, каля сямі тысяч чалавек атрымалі раненні, быў нанесены значны матэрыяльны ўрон. Аказанне дапамогі пацярпелым ускладняецца грамадзянскай вайной, якая працягваецца ў М’янме з 2021 года. Папа Францішак часта звяртае ўвагу на сітуацыю жыхароў гэтай краіны, заклікаючы вернікаў не забываць маліцца за іх.
 

16 красавіка 2025, 13:07