Пошук

Падчас візіту Папы ў рымскую турму “Regina Coeli” Падчас візіту Папы ў рымскую турму “Regina Coeli”  (Vatican Media)

За кратамі “Regina Coeli”: Францішак прынёс надзею і Евангелле

У Вялікі чацвер Францішак, нягледзячы на нядаўнюю хваробу, наведаў рымскую турму “Regina Coeli”, дзе сустрэўся з 70 вязнямі розных узростаў і нацыянальнасцей, выказаўшы ім сваю блізкасць і малітоўную падтрымку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Заўсёды ў Вялікі чацвер для мяне было важна прыходзіць у турму, каб, як Езус, здзейсніць абрад умывання ног. Сёлета я не магу гэтага зрабіць, але магу і хачу быць побач з вамі. Малюся за вас і вашыя сем'і", - гэтымі словамі Папа звярнуўся да вязняў пенітэнцыярнай установы “Regina Coeli”, якую наведаў 17 красавіка 2025 года, нягледзячы на нядаўняе 38-дзённае лячэнне ў клініцы “Джэмэллі”.

"Свабода!", "Памілаванне!", "Ойча, ойча!", "Мы з табой!" – гэтыя і іншыя воклічы гучалі з вокнаў трох секцый турмы, што ўзвышаюцца над цэнтральнай ратондай, дзе знаходзіцца статуя Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Крыкі былі настолькі гучнымі, што заглушалі слабы, але цвёрды голас Францішка.

"Кожны раз, калі я ўваходжу ў такое месца, я задаю сабе пытанне: чаму яны, а не я?"

Гэтымі словамі Пантыфік падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання з групай журналістаў, якія чакалі яго каля ўваходу. Ён правёў у турме каля паўгадзіны, вітаючы вязняў і персанал гэтай старажытнай установы, якая знаходзіцца ў раёне Трастэвэрэ і была пераўтворана з кляштара ў турму ў 1881 годзе.

Падчас візіту Папа падарыў вязням кнігі Евангелля і ружанцы, затрымліваючыся ля кожнага з прысутных. Хтосьці станавіўся на калені, хтосьці цалаваў яму руку ці схіляў лоб да інваліднага крэсла, на якім знаходзіўся Пантыфік. "Дай мне яшчэ адно, калі ласка, я скора выйду і хачу падарыць яго маёй сястры", - папрасіў адзін з маладых людзей, падымаючыся са свайго крэсла.

Францішак падчас візіту ў рымскую турму
Францішак падчас візіту ў рымскую турму   (Vatican Media)

"Маліцеся за мяне"

Гэтыя словы Францішак некалькі разоў паўтарыў падчас візіту, асабліва калі пасылаў рукой пацалункі прысутным і тым, хто глядзеў праз краты, калі белы "Fiat 500 L" уязджаў у двор турмы каля 15.00 пад апладысменты паліцэйскіх. "Маліся за нас!" - крычалі яму вязні, на што Папа адказваў, падымаючы вялікі палец угору.

Фердынанда, які знаходзіцца ў зняволенні з снежня, перадаў Святому Айцу запіску са словамі: "Няхай святло Пана асвятляе маё жыццё і жыццё маёй сям'і. Дзякуй, Папа, за тое, што ўдастоіў нас сваёй прысутнасцю". Францішак спытаўся пра яго сям'ю і запэўніў: "Малюся за цябе". Пасля гэтага юнак расплакаўся: "Я ніколі не бачыў Папу! Не думаў сустрэць яго ў турме".

Кожны з вязняў меў сваю гісторыю болю, якой хацеў падзяліцца з Пантыфікам. Маўра, 65-гадовы "рымлянін з Рыма", як ён сябе з гонарам прадставіў, папрасіў перадаць пасланне: "Хацеў сказаць Папу, каб ён працягваў настойваць на міры ў гэтым свеце, які ідзе ў тэхналогіі". Побач з ім Алесандра, 56 гадоў, умольваў перадаць прывітанне сваім дзецям, Вікторыі Рамане і Габрыэлю, і іх маці: "Не бачыў іх васямнаццаць месяцаў. Пасылаю ім вялікі пацалунак".

Францішак вітае вязняў
Францішак вітае вязняў   (Vatican Media)

Бацькоўская клапатлівасць да тых, каго грамадства часта забывае

Капелан турмы айцец Віторыа Трані, шматгадовы духоўны апякун гэтай складанай і параненай супольнасці, падзяліўся сваімі ўражаннямі з ватыканскімі журналістамі: "Сённяшні жэст Пантыфіка мае глыбокае, сімвалічнае значэнне – у ім адлюстравалася бацькоўская клапатлівасць да людзей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Турэмная рэчаіснасць закранае не толькі самых вязняў, але і ўсіх, хто штодзённа служыць у гэтых сценах, хто нясе адказнасць за кіраванне ўстановай – гэта сапраўды няпростая місія. Святы Айцец не жадаў, каб Велікодныя святы прыйшлі без таго, што ён так глыбока насіў у сваім сэрцы – міласэрнай прысутнасці сярод тых, каго грамадства часта забывае".

Гэты візіт стаў працягам традыцыі Папы Францішка наведваць месцы зняволення ў першы дзень Велікоднага трохдзення, як ён рабіў на працягу 12 гадоў свайго пантыфікату і раней у Буэнас-Айрэсе.
 

18 красавіка 2025, 09:44