Пантыфік падрыхтаваў разважанні для Крыжовага шляху ў Калізеі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Стан здароўя Святога Айца працягвае паляпшацца: адзначаецца прагрэс у рухальнай актыўнасці, дыханні і карыстанні голасам. Папа ўжо на працягу працяглых перыядаў абыходзіцца без кіслароднай тэрапіі. Высокапаточная падача кіслароду выкарыстоўваецца рэдка – з тэрапеўтычнай мэтай і па неабходнасці. Працягваецца прымяненне розных форм лячэння. Папа праводзіць кароткія сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў Рымскай курыі.
У Ватыкане таксама паведамілі, што Пантыфік асабіста падрыхтаваў разважанні да сёлетняга Крыжовага шляху, які адбудзецца ў Вялікую пятніцу ў рымскім Калізеі. Тэкст будзе апублікаваны апоўдні 17 красавіка 2025 года. Набажэнства ўзначаліць кардынал Бальдасарэ Рэйна, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі.
Святую Імшу Хрызму ў Базіліцы Святога Пятра раніцай у Вялікі чацвер будзе цэлебраваць кардынал Даменіка Кальканьё, старшыня-эмерыт Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Увечары ў ватыканскім саборы адбудзецца Імша Вячэры Пана, аднак яна не будзе мець статусу папскай цэлебрацыі. Літургію Мукі Пана, якая пройдзе ў Базіліцы Святога Пятра ў Вялікую пятніцу, узначаліць кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. Пра прысутнасць Папы Францішка на набажэнствах Вялікага тыдня пакуль не паведамляецца.