Пошук

Сустрэча Папы з каралеўскай парай Вялікабрытаніі Сустрэча Папы з каралеўскай парай Вялікабрытаніі

Святы Айцец сустрэўся з брытанскай каралеўскай парай

Папа прыватна прыняў у Ватыкане брытанскую каралеўскую пару, якая знаходзілася ў Італіі з 7 па 10 красавіка 2025 года. Францішак і Карл ІІІ абмяняліся ўзаемнымі пажаданнямі хуткага вяртання да здароўя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча адбылася 9 красавіка 2025 года, у асабліва важны для каралеўскай сям’і дзень – 20-ю гадавіну шлюбу караля Карла ІІІ і каралевы Камілы і 4-ю гадавіну смерці прынца Філіпа. Візіт меў прыватны характар. Каралеўская пара адведала Пантыфіка ў ватыканскім Доме святой Марты, дзе ён праходзіць рэабілітацыю пасля нядаўняй хваробы.

10 красавіка Зала Друку Апостальскай Сталіцы выдала афіцыйнае паведамленне: “Папа Францішак увечары ўчора прыватна сустрэўся з Іх Каралеўскімі Вялікасцямі – каралём Карлам і каралевай Камілай. У ходзе размовы Папа выказаў ім найлепшыя пажаданні з нагоды гадавіны шлюбу і абмяняўся з Яго Вялікасцю пажаданнямі хуткага вяртання да здароўя”, - гаворыцца ў ватыканскім камюніке.

Напрыканцы сакавіка кароль Карл ІІІ таксама быў шпіталізаваны з-за пабочных наступстваў лячэння анкалагічнага захворвання, дыягнаставанага год таму.

Аб запланаванай сустрэчы каралеўскай пары з Пантыфікам было афіцыйна паведамлена на пачатку мінулага месяца, калі Францішак праходзіў лячэнне ў рымскай клініцы “Джэмэлі”. Пазней з’явілася інфармацыя, што па ўзаемнай згодзе візіт быў адкладзены ў сувязі з патрэбай Папы ў адпачынку і аднаўленні. “Іх Каралеўскія Вялікасці перадаюць Пантыфіку найлепшыя пажаданні ў яго выздараўленні і з нецярпеннем чакаюць магчымасці наведаць яго ў Святым Пасадзе, калі ён паправіцца”, - гаварылася ў заяве Букінгемскага палаца.


Першапачаткова візіт меў на мэце адзначыць значны прагрэс у адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай Царквой. Праграма ўключала экуменічнае набажэнства ў Сікстынскай капэле, прысвечанае тэме “Клопат пра стварэнне”.

Карл ІІІ з’яўляецца не толькі каралём Вялікабрытаніі, але і кіраўніком Англіканскай Царквы. У 2019 годзе, напярэдадні кананізацыі кардынала Джона Генры Ньюмана – першага брытанца, які быў абвешчаны святым за больш чым сорак апошніх гадоў, тагачасны прынц Уэльскі напісаў артыкул у “L’Osservatore Romano”, назваўшы гэтую падзею “прычынай для святкавання не толькі ў Вялікабрытаніі і не толькі для католікаў, але таксама для ўсіх, хто шануе каштоўнасці, якія яго натхнялі”. Будучы манарх прысутнічаў на кананізацыйнай цырымоніі ў Ватыкане 13 кастрычніка 2019 года, у канцы якой прывітаў Папу Францішка. Яны таксама бачыліся 4 красавіка 2017 года падчас візіту Карла ІІІ у Ватыкан.
 

10 красавіка 2025, 08:33