Цела Папы Францішка перанесена ў Базіліку Святога Пятра

Раніцай 23 красавіка 2025 года цела Папы было перанесена з Дома святой Марты ў Базіліку Святога Пятра. На працягу бліжэйшых дзён вернікі з усяго свету змогуць асабіста развітацца са спачылым Святым Айцом.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Цырымонія распачалася ў 9.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе ў капліцы ватыканскай рэзідэнцыі Францішка. Яе ўзначаліў камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Кэвін Фарэл.

Пасля ўступнай малітвы і закліку дыякана: “Procedamus in pacem” працэсія з адкрытай труной пакінула Дом святой Марты. У ёй прынялі ўдзел кардыналы, патрыярхі, шматлікія іерархі і святары, кіраўнікі і супрацоўнікі структур Ватыкана і Святога Пасада. Труну суправаджалі пэнітэнцыярыі з запаленымі свечкамі і ганаровая варта Папскай швейцарскай гвардыі. За імі ішлі асабістыя ахоўнікі і медыцынскія работнікі Папы, якія штодзённа знаходзіліся побач з ім на працягу апошніх гадоў яго жыцця.

Пад гукі магутных званоў ватыканскага сабора і спеў псальмаў і антыфонаў працэсія рушыла на Плошчу Рымскіх Протамучанічаў і праз Браму Званоў выйшла на Плошчу Святога Пятра. Дзясяткі тысяч вернікаў прывіталі труну з целам Францішка гучнымі апладысментамі, выказваючы такім чынам падзяку за яго жыццё, якое было пазначана блізкасцю да людзей і нястомным сведчаннем евангельскай міласэрнасці.

Затым працэсія пад спеў Літанні да ўсіх святых ўвайшла ў Базіліку Святога Пятра. Труна была ўсталявана перад Алтаром Канфесіі – галоўным алтаром ватыканскага сабора, пад якім знаходзіцца магіла апостала Пятра.

Пасля Літургіі слова і малітваў аб вечным супакоі для Папы Францішка базіліка была адчынена для вернікаў, якія змогуць асабіста развітацца са Святым Айцом. 23 і 24 красавіка сабор будзе адкрыты да паўночы, а 25 красавіка – да 19.00. Пахаванне Пантыфіка адбудзецца раніцай 26 красавіка.
 

23 красавіка 2025, 10:19