Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас падпісання "Rogito" Папы Францішка Кардынал П'етра Паралін падчас падпісання "Rogito" Папы Францішка  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

“Rogito”: Францішак даў сведчанне чалавечнасці і святасці жыцця

Увечары, 25 красавіка 2025 года, у Базіліцы Святога Пятра прайшла цырымонія закрыцця труны Папы Францішка. У яе была пакладзена металічная капсула з тэкстам “rogito” – дакумент, які змяшчае біяграфію Святога Айца і апісанне яго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вандруючы з намі як пілігрым надзеі, кіраўнік і спадарожнік да неба – канчатковай мэты, да якой мы ўсе пакліканы, 21 красавіка 2025 года, у 7.35 раніцы, калі святло Пасхі асвятляла другі дзень Актавы, у Велікодны панядзелак, дарагі Пастыр Касцёла Францішак перайшоў з гэтага свету да Айца. Уся хрысціянская супольнасць, асабліва бедныя, аддавала хвалу Богу за дар яго мужнага і вернага служэння Евангеллю і містычнай Нявесце Хрыста”, - пазначаецца на пачатку дакумента.

Далей прыводзіцца біяграфія 266-га Папы. Нагадваецца, што Хорхэ Марыа Берголіа “нарадзіўся 17 снежня 1936 года як сын эмігрантаў з П’емонта: яго бацька Марыа быў бухгалтарам і работнікам чыгункі, а маці – Рэджына Сіворы, займалася хатнімі справамі і выхаваннем пяці дзяцей”.

Атрымаўшы дыплом хіміка, ён выбраў шлях святарства, спачатку паступіўшы ў дыяцэзіяльную семінарыю, а 11 сакавіка 1958 года – у навіцыят Таварыства Езуса. Пасля атрымання гуманітарнай адукацыі будучы Папа працаваў выкладчыкам літаратуры і псіхалогіі ў каталіцкіх каледжах. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 13 снежня 1969 года з рук арцыбіскупа Рамона Хасэ Касталяна, а 22 красавіка 1973 года склаў вечныя абяцанні ў ордэне езуітаў.

Дакумент нагадвае, што 31 ліпеня 1973 года Хорхэ Берголіа стаў правінцыялам езуітаў у Аргенціне. 20 мая 1992 года Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Буэнас-Айрэса, а ў якасці біскупскага дэвізу іерарх выбраў словы “Miserando atque eligendo”. 28 лютага 1998 года ён стаў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса і прымасам Аргенціны. Быў таксама прызначаны ардынарыем для вернікаў усходніх абрадаў і канцлерам Аргенцінскага каталіцкага ўніверсітэта. З 21 лютага 2001 года – кардынал.

“Быў простым і вельмі любімым пастырам у сваёй архідыяцэзіі, якую аб’язджаў уздоўж і ўпоперак, у тым ліку на метро і аўтобусах. Ён жыў у кватэры і сам гатаваў сабе вячэру, бо адчуваў сябе адным з народа”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.

Адзначаецца, што кардынал Берголіа быў абраны Папам 13 сакавіка 2013 года на канклаве, які прайшоў пасля адрачэння Бэнэдыкта XVI. “Ён узяў сабе імя Францішка, бо – як святы Францішак Асізскі – імкнуўся ў першую чаргу клапаціцца пра найбяднейшых у свеце. З лоджыі благаслаўленняў ён прывітаўся словамі: “Браты і сёстры, добры вечар. Цяпер мы вырушаем у шлях: біскуп і народ. Гэта шлях Касцёла ў Рыме, які ў любові старшынствуе над усімі Касцёламі. Шлях братэрства, любові, даверу паміж намі”. І, схіліўшы галаву, дадаў: “Я прашу вас памаліцца Пану, каб Ён благаславіў мяне – малітва народа, які просіць благаслаўлення для свайго біскупа”. 19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, ён афіцыйна пачаў сваё Пятровае служэнне.

Дакумент падкрэслівае, што Францішак заўсёды быў блізкім да “апошніх і адрынутых грамадствам”, таму пасля абрання вырашыў пасяліцца ў Доме святой Марты, бо не мог жыць без блізкасці людзей. З самага першага Вялікага чацвера ён хацеў цэлебраваць Імшу Вячэры Пана па-за Ватыканам, наведваючы турмы, цэнтры для інвалідаў ці людзей з залежнасцямі. Святароў ён заўжды заклікаў удзяляць сакрамэнт міласэрнасці, мець мужнасць выходзіць з сакрыстыі, каб шукаць згубленую авечку, і трымаць дзверы касцёла адчыненымі для тых, хто імкнецца да сустрэчы з абліччам Бога Айца.

Згадваецца пра дыялог, які Папа нястомна вёў з мусульманамі і прыхільнікамі іншых рэлігій, а таксама Дэкларацыя аб братэрстве, падпісаная 4 лютага 2019 года ў Абу-Дабі разам з суніцкім лідарам шэйхам Ахмедам Аль-Таебам.

“Яго любоў да апошніх, старых і малых падштурхнула яго заснаваць Сусветныя дні бедных, бабуль і дзядуль, а таксама дзяцей. Ён таксама ўстанавіў Нядзелю Божага слова”, - гаворыцца ў “rogito”.

Адзначаецца, што Францішак пашырыў Калегію кардыналаў больш, чым хто-колечы з яго папярэднікаў, правёўшы дзесяць кансісторыяў і прызначыўшы 163 кардыналы, сярод якіх 133 – выбаршчыкі і 30 – без права голасу на канклаве. Яны паходзілі з 73 краін, з якіх у 23 ніколі раней не было кардыналаў. Папа таксама склікаў пяць пасяджэнняў Сінода Біскупаў: тры звычайныя агульныя (прысвечаныя сям’і, моладзі і сінадальнасці), адно надзвычайнае – таксама прысвечанае сям’і, і адно спецыяльнае – прысвечанае рэгіёну Панаамазоніі.

Згадваецца, што Папа Францішак неаднаразова ўзнімаў голас у абарону нявінных. Падчас распаўсюджвання пандэміі COVID-19, вечарам 27 сакавіка 2020 года, ён у самотнасці маліўся на плошчы Святога Пятра, чыя каланада сімвалічна абдымала Рым і свет, заступаючыся за чалавецтва, якое пакутавала ад невядомага віруса. У апошнія гады яго пантыфікату ён скіраваў шматлікія заклікі аб міры і супраць трываючай “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны” – асабліва ва Украіне, Палесціне, Ізраілі, Ліване і М’янме.

Пасля шпіталізацыі, 4 ліпеня 2021 года, якая была звязана з аперацыяй у клініцы “Джэмэлі”, 14 лютага 2025 года яго зноў паклалі ў гэты шпіталь з-за двухбаковага запалення лёгкіх. Праз 38 дзён ён вярнуўся ў Ватыкан, а апошнія тыдні жыцця правёў у Доме святой Марты, прысвячаючы сябе да канца і з тым жа запалам свайму Пятроваму служэнню, хоць яшчэ не цалкам паправіўшыся. У Велікодную нядзелю, 20 красавіка 2025 года, ён апошні раз з’явіўся ў лоджыі Базілікі Святога Пятра, каб удзяліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi”.

У дакуменце таксама згадваецца багатая спадчына навучання Папы Францішка. Заўважаецца, што сваю апостальскую праграму ён прадставіў у адгартацыі “Evangelii gaudium” ад 24 лістапада 2013 года.

Падкрэсліваецца, што Святы Айцец пакінуў 4 энцыклікі, 7 апостальскіх адгартацый, 39 апостальскіх канстытуцый, шматлікія апостальскія лісты (пераважна ў форме “motu proprio”), дзве булы аб абвяшчэнні Святога года, а таксама вялікую колькасць катэхэз і прамоў. Папа таксама ўнёс змены ў кананічны працэс сцвярджэння несапраўднасці сужэнства і зрабіў больш строгім заканадаўства, якое датычыцца злачынстваў, учыненых прадстаўнікамі духавенства супраць непаўналетніх і ўразлівых асоб.

“Францішак пакінуў усім цудоўнае сведчанне чалавечнасці, святасці жыцця і ўсеагульнага бацькоўства”, - адзначаецца ў тэксце “rogito”.

Напрыканцы дакумента змяшчаецца надпіс, які пацвярджае, што ў труне ляжыць цела Папы Францішка, які пражыў 88 гадоў, 4 месяцы і 4 дні, і кіраваў Касцёлам 12 гадоў, 1 месяц і 8 дзён. “Заўсёды жыві ў Хрысце, Святы Ойча!”, – такімі словамі завяршаецца тэкст, які падпісалі бліжэйшыя супрацоўнікі спачылага Пантыфіка.

Разам з тэкстам “rogito” у труну былі пакладзены манеты і памятныя медалі, адчаканеныя ў перыяд пантыфікату Францішка.
 

26 красавіка 2025, 07:21