Святы Айцец: дапамагчы сем’ям уз’яднацца ў святочныя дні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На старонках часопіса “Piazza San Pietro” Папа Францішак адказаў на ліст жанчыны з Сіцыліі, якая расказала, што ўжо 42 гады жыве ў шлюбе, а яе дарослыя дзеці былі вымушаныя з’ехаць з вострава ў пошуках працы. Яна звярнула ўвагу на высокі кошт квіткоў на самалёты і цягнікі ў велікодны і калядны перыяды, з-за чаго сем’ям, чые дзеці працуюць у іншых рэгіёнах, бывае цяжка сабрацца разам у святочныя дні.
“Я ведаю і шмат разоў казаў пра тое, што сем’ям трэба дапамагаць быць разам, радавацца супольнаму таварыству, падтрымліваць адзін аднаго на жыццёвым шляху, заставацца ў дыялогу і разам шукаць Божую волю”, - напісаў Пантыфік, адзначаючы таксама, што ў наш час перамен многія маладыя людзі знайшлі працу далёка ад бацькоў і часта не могуць правесці з імі нават такія важныя святы, як Божае Нараджэнне і Вялікдзень.
“Часам адлегласць нават аслабляе адносіны, стварае непаразуменні і цяжкасці. Было б няблага, калі б буйныя кампаніі ўстанавілі бонусы на ўз’яднанне сем’яў прынамсі на калядныя і велікодныя святы. Гэта быў бы акт чалавечнасці і братэрства, да якога закліканы і свет эканомікі і бізнесу”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што “праца – для чалавека, а не чалавек – для працы”. Ён таксама звярнуў увагу на прыклад клопату пра патрэбы моладзі, які прадэманстравала Багародзіца падчас вяселля ў Кане Галілейскай, калі сказала Езусу: “Не маюць віна”. У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў важнасць дапамогі моладзі і сем’ям, каб маглі збірацца разам прынамсі падчас святаў і праяўляць сваю ўзаемную любоў.
“Такія святы і дні, праведзеныя разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі, могуць стаць момантамі непаўторнага шчасця. Яны становяцца ўспамінамі, што дораць нам спакой і радасць на ўсё жыццё. Успамінамі, за якія мы можам трымацца ў самыя складаныя і цяжкія моманты, успамінамі, якія нараджаюць давер і надзею, бо паказваюць нам, што дабро і любоў заўсёды магчымыя і што існуе яшчэ большая Любоў, якая чакае і прабачае нас”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік таксама адзначыў важнасць пошуку іншых магчымасцяў для камунікацыі, калі сем’і не могуць быць разам. “Мы можам выкарыстоўваць відэасувязь, падчас якой можна маліцца разам на адлегласці, дзяліцца Божым словам, узрастаць у адзінстве. Гэта не можа быць правілам, але ў пэўных сітуацыях мы можам звяртацца да гэтых новых інструментаў – напрыклад, выкарыстоўваць сямейны чат, дзе кожны дзень можна дзяліцца радком з Евангелля і разважаць над ім, каб падтрымліваць адзін аднаго на шляху веры, нават на адлегласці”, - напісаў Папа.