Пошук

У Ватыкане прайшла першая генеральная кангрэгацыя кардыналаў

22 красавіка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI адбылася першая генеральная кангрэгацыя кардыналаў пасля смерці Папы, на якой былі прыняты некаторыя важныя рашэнні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нарада працягвалася паўтары гадзіны – з 9.00 да 10.30 па цэнтральнаеўрапейскім часе. У ёй узялі ўдзел каля шасцідзесяці кардыналаў. Яны пачалі пасяджэнне супольнай малітвай за спачылага Святога Айца, пасля чаго склалі прысягу верна прытрымлівацца нормаў Апостальскай канстытуцыі “Universi Dominici Gregis”, якая датычыцца перыяду “Sede Vacante” (Вакантнага Пасада) і абрання новага Пантыфіка.

Падчас кангрэгацыі кардынал Кэвін Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла, зачытаў духоўны тэстамент Папы Францішка, апублікаваны ўвечары 21 красавіка. Затым былі ўстаноўлены даты пераносу цела Пантыфіка ў Базіліку Святога Пятра і пахавання.

Як паведамлялася раней, цела Папы будзе перанесена з Дома святой Марты ў ватыканскую базіліку раніцай 23 красавіка. Пасля Літургіі слова каля алтара Катэдры сабор будзе адкрыты для вернікаў, якія змогуць развітацца са Святым Айцом.

Пахавальную літургію, якая адбудзецца ў суботу, 26 красавіка, узначаліць кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Пасля яе цела Пантыфіка даставяць у Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе пройдзе пахаванне.

Паведамляецца, што святая Імша, якую ў нядзелю, 27 красавіка, узначаліць кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, стане другой з так званых “Novemdiales”, гэта значыць дзевяці Імшаў за памерлага Папу. Наступныя Імшы будуць цэлебравацца штодня ў 17.00.

Удзельнікі першай кангрэгацыі шляхам лёсавання выбралі трох кардыналаў, якія будуць дапамагаць камерленга падчас генеральных кангрэгацый і вырашэння бягучых пытанняў. Ад кардыналаў-біскупаў быў абраны кардынал П’етра Паралін, ад кардыналаў-прэзбітэраў – кардынал Станіслаў Рылка, а ад кардыналаў-дыяканаў – кардынал Фабіа Баджа. Іерархі будуць выконваць гэтыя функцыі на працягу трох дзён, пасля чаго іх заменяць іншыя кардыналы, таксама абраныя праз лёсаванне.

Кардыналы таксама вырашылі прыпыніць усе беатыфікацыі да абрання новага Папы.

Другая генеральная кангрэгацыя адбудзецца 23 красавіка ў 17.00, бо ў першай палове дня іерархі будуць удзельнічаць у цырымоніі пераносу цела Папы ў ватыканскую базіліку.

Першая кангрэгацыя кардыналаў пасля смерці Папы Францішка
22 красавіка 2025, 14:21